Суд над кіраўнікамі Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў пачнецца 20 снежня
Суд над старшынёй БКДП Аляксандрам Ярашуком, яго намеснікам Сяргеем Антусевічам і супрацоўніцай офіса БКДП Ірынай Бут-Гусаім пачнецца 20 снежня. Працэс адбудзецца ў Мінскім гарадскім судзе.
05.12.2022 / 08:55
Аляксандр Ярашук
Паводле інфармацыі на сайце Вярхоўнага суда, прафсаюзныя актывісты абвінавачваюцца па двух артыкулах КК: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).
Згодна са звесткамі праваабаронцаў, арт. 342 інкрымінуецца ўсім траім, 361 — толькі Ярашуку, які раней публічна выступаў супраць санкцый.
БКДП аб'ядноўваў Свабодны прафсаюз Беларускі, Свабодны прафсаюз металістаў, Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і Беларускі незалежны прафсаюз.
25 лістапада пачаўся судовы працэс над актывістамі беларускіх незалежных прафсаюзаў — палітвязнямі Генадзем Фядынічам, Васілём Берасневым і Вацлавам Арэшкам.
Іх абвінавачваюць ў закліках да мер абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса).
Лідараў прафсаюзаў затрымалі ў сярэдзіне красавіка. Тады былі затрыманыя 15 чалавек.