У адным з гродзенскіх інтэрнатаў пасялілася сотня кажаноў
У адным з гродзенскіх інтэрнатаў супрацоўнікі МНС «выселілі» незвычайных жыхароў — кажаноў. Каля сотні асобін былі выяўленыя на гарышчы, іх прыйшлося эвакуіраваць у мясцовы заапарк.
29.11.2022 / 17:16
Фота: Getty image
Нечаканыя жыхары, як пазней расказалі ў заапарку, упадабалі гарышча інтэрната як месца для зімоўкі. Аднак плюсавыя тэмпературы, якія трымаліся на працягу лістапада, не далі жывёлам заснуць. Кажаны шчабяталі і выдавалі вельмі дзіўныя гукі. Гэта ўстрывожыла насельнікаў інтэрната, і яны звярнуліся па дапамогу да ратавальнікаў.
Тыя ў сваю чаргу змясцілі шумных «суседзяў» у скрынкі з-пад абутку і адправілі ў заапарк. На час зімоўкі жывёл размясцілі пад дахам ветэрынарнага корпуса.
«Тут ідэальныя ўмовы для зімоўкі — няма скразнякоў, тэмпература плюс 5 і высокая вільготнасць», — адзначылі супрацоўнікі ўстановы.
У заапарку кажаны пажывуць да вясны, затым іх выпусцяць на волю.
У Гродзенскім заапарку далі рэкамендацыі, як сябе паводзіць, калі раптам знайшлі зімой кажана. Варта надзець пальчаткі са шчыльнай тканіны, акуратна абхапіць жывёліну і змясціць яе ў кардонную скрынку, якую пасля трэба паставіць у прахалодным і вільготным месцы.
Гэтыя жывёліны зімой звычайна ўпадаюць у спячку, а ў якасці «апачывальні», як правіла, аддаюць перавагу закінутым будынкам, падвалам, шахтам, гарышчам, зрубам калодзежаў, адрынам і іншым падобным збудаванням.