Дзе ў Мінску можна будзе сустрэць Новы год

Да Новага года застаецца крыху больш за месяц, але гарадскія ўлады ўжо распрацавалі агульнагарадскі план з 250 асноўных мерапрыемстваў па святкаванні. Розныя прадстаўленні і імпрэзы працягнуцца з 12 снежня па 15 студзеня. Пра гэта «Мінск-Навінам» распавёў начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталь Брэль.

28.11.2022 / 16:39

— У навагоднюю ноч святочныя імпрэзы пройдуць на 22 сталічных пляцоўках. Асноўныя гулянні разгорнуцца каля Палаца спорту. Там з 25 снежня па 7 студзеня з 19:00 да 19:45 будзе праходзіць інтэрактыўнае тэатралізаванае шоу «Казка ў моманце», — паведаміў В.Брэль.

Па яго словах, арганізатары шоу паспрабуюць узнавіць атмасферу старадаўняга Мінска. У аснову сюжэта пакладзена спрэчка старэйшага і малодшага пакалення пра тое, якая навагодняя гісторыя цікавая сучаснаму гледачу.

— Галоўная думка ўсёй пастаноўкі: сапраўдная каштоўнасць — у адзінстве, а не ў рознагалоссі, — растлумачыў начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама.

Таксама ў Палацы спорту, пачынаючы з 25 снежня, з 14:00 і далей штогадзіны да гледачоў будуць выходзіць Дзед Мароз, Снягурка і іншыя персанажы-аніматары.

На гэтай жа пляцоўцы 25 снежня з 19:00 да 22:00 плануюць правесці інтэрактыўна-забаўляльную праграму «Шчодры вечар».

31 снежня, у навагоднюю ноч, на ўсіх 22 пляцоўках мінчан і гасцей сталіцы чакае святочная праграма «Новы год для ўсіх». Яна будзе доўжыцца з 00:30 да 4:00. У ёй прымуць удзел дыджэі і папулярныя танцавальныя калектывы.

7 студзеня з 19:30 да 22:00 на пляцоўцы каля Палаца спорту адбудзецца сямейная канцэртная праграма «Каляды і З Новым годам!».

У Верхнім горадзе таксама плануюць правесці некалькі інтэрактыўных прадстаўленняў. З 25 снежня па 2 студзеня ўключна штодзень з 17:00 да 17:30 і з 20:00 да 20:30 будзе праходзіць «Баль навагодніх жаданняў». Плануецца, што сцэна будзе ўяўляць сабой інтэрактыўную ёлку. Вакол яе пройдуць асноўныя святочныя дзеянні. Захавальнікі навагодніх таямніц Ратушы раскажуць гісторыю пра даўнія традыцыі правядзення Новага года ў Верхнім горадзе. Нагадаем, адным з такіх звычаяў быў штогадовы навагодні баль, на які гараджане прыходзілі ў маскарадных касцюмах.

Яшчэ на адной новай пляцоўцы, у дворыку на вуліцы Ракаўскай, 25, пройдзе навагодні кірмаш. Ён будзе ладзіцца з 25 снежня па 8 студзеня штодня з 18:00 да 19:00.

— Жыхароў і гасцей сталіцы будзе чакаць інтэрактыўная праграма з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі, казачных персанажаў, бяспройгрышная латарэя, караоке, будзе арганізаваны паказ навагодніх фільмаў, — распавёў В. Брэль.

Nashaniva.com