Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк стаў дворнікам пры Чырвоным касцёле 

Раней пробашч сам напісаў заяву, каб яму дазволілі даглядаць тэрыторыю храма.

27.11.2022 / 22:41

«Наш пробашч — ксёндз-канонік Уладзіслаў — перажывае зараз не толькі «чорныя» дні, але таксама і «белыя», — напісала парафія і апублікавала фоты, як святар прыбірае снег.

У касцёле нагадалі, што ў плябаніі можна запісацца на калядныя наведванні, падчас якіх святар асвячае памяшканне і бласлаўляе сям’ю і дзяцей, удзяляе сакраментальную паслугу хворым і пажылым людзям, а таксама дзеліцца аплаткай.

Аплаткі на вігілійны стол можна набыць у плябаніі.

Мінула два месяцы з моманту, калі ўлады забралі ў вернікаў Чырвоны касцёл.

Нагадаем, ноччу 26 верасня ў касцёле адбыўся пажар. У той жа дзень адміністрацыя Маскоўскага раёна прыняла рашэнне часова забараніць эксплуатацыю будынка. Касцёл адключылі ад усіх камунікацый. Мінгарвыканкам заявіў, што ўладальнік будынка, КУП «Мінская спадчына», не можа выконваць абавязацельствы па дамове, і запатрабаваў ад рэлігійнай абшчыны вызваліць будынак ад рухомай маёмасці для правядзення рамонтна-аднаўленчых работ.

Nashaniva.com