Пад Мінскам заўважылі чайку-бургамістра. Гэта другая рэгістрацыя віду ў Беларусі
У нядзелю 20 лістапада птушкаркі Алёна Ціхановіч і Валерыя Трэйцяк выправіліся на рыбгас «Волма» шукаць шэрашчокую коўру. Але на адным са спушчаных ставоў заўважылі групу чаек, і адна з іх падалася ім незвычайнай сваёй раўнамернай афарбоўкай без чорных канцоў крылаў і вялікай дзюбай з чорным «гузікам» на кончыку. Сфатаграфаваць чайку атрымалася толькі з двух ракурсаў, але дакладна вызначыць від па іх не атрымалася. Таму дзяўчатам нічога не заставалася, як паспрабаваць высачыць птушку яшчэ раз, піша тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».
25.11.2022 / 07:40
Фота Валерыі Трэйцяк
На другі дзень Алёна была на працы, а Валерыя выехала зноў на рыбгас, трымаючы з ёй сувязь. Умовы былі неспрыяльныя: падаў густы снег, арланы-белахвосты ганялі чаек.
Фота Валерыі Трэйцяк
«Спробы падысці бліжэй з іншага берага скончыліся тым, што пад нагамі пачаў трэскацца лёд, — расказала Валерыя пра сваю выправу. — Пару разоў глыбока праваліўшыся пад лёд у смярдзючую жыжку, вярнулася на пачатковае месца — і тут убачыла светлыя крылы, хвост, спіну без кроплі чорнага! ЯНА! Удалося зрабіць здымак, па якім ужо без сумневу нам з Алёнай пацвердзілі чайку як маладога бургамістра».
Фота Валерыі Трэйцяк
Для Валерыі гэты лайфер стаў 271-м відам птушак, пабачаных у Беларусі, а для Алёны — юбілейным 280-м.
Валерыя Трэйцяк і Алёна Ціхановіч
Чайка-бургамістр — другая па велічыні чайка ў свеце, размах крылаў якой дасягае 165 см, а маса — 2,2 кг. Гняздзіцца яна на арктычных узбярэжжах Паўночнай Амерыкі і Еўразіі, а зіму праводзіць звычайна ў Паўночнай Атлантыцы, углыбіню сушы залятае вельмі рэдка.
Фота ілюстрацыйнае