Што супольнага паміж Святланай Лабадой і спеваком Хабібам?
Папулярная ў Расіі ўкраінская спявачка Святлана Лабада, якая планавала канцэртны тур па буйных гарадах Літвы, будзе дададзеная ў спіс непажаданых у Літве асоб, заявіла прадстаўніца міністра замежных спраў Літвы Паўліна Левіцкіце, піша Delfi.lt.
24.11.2022 / 21:32
Як патлумачыў міністр культуры Сімонас Кайрыс, гэтая жанчына — грамадзянка Украіны і цяпер жыве ў Латвіі, таму, у адрозненне ад выканаўцаў з Расіі, ёй не забаронены ўезд у краіну аўтаматычна.
«Паколькі гаворка ідзе пра арганізатара прыватных мерапрыемстваў на прыватных прасторах, адзінае выйсце — разгледзець, ці не дадаць такога чалавека ў спіс непажаданых асоб у Літве», — сказаў міністр.
Святлана Лабада далучылася, такім чынам, да іншых выканаўцаў з Расіі, якія былі афіцыйна прызнаныя персонамі нон-грата ў Літве. У гэты спіс уваходзяць, напрыклад, такія «песняры імперыі», як Алег Газманаў, Філіп Кіркораў, Грыгорый Лепс, Наташа Каралёва, Хабіб (Хабіб Шарыпаў). Яны былі ўнесеныя ў чорны спіс яшчэ да пачатку шырокамаштабнай вайны ва Украіне за сваю публічную падтрымку пуцінскай палітыкі і наведванне анексаванага Крыма.
Святлана Лабада, адна з самых папулярных у Расіі спявачак апошніх гадоў, запланавала ў Літве чатыры канцэрты на канец лістапада — пачатак снежня: у Панявежысе, Шаўляі, Клайпедзе і Вільні.
Як паведамляе канал LRT, спявачка вяла актыўную канцэртную дзейнасць у Расіі пасля акупацыі Расіяй Крыма, а ў 2015 годзе таксама спявала 9 мая на мерапрыемстве, прысвечаным перамозе Савецкага Саюза ў Другой сусветнай вайне.
Паводле інфармацыі LRT, пасля пачатку інтэнсіўных баявых дзеянняў сёлета ў лютым спявачка з'ехала на захад, хацела выступіць на дабрачынным мерапрыемстве ў Латвіі, прысвечаным падтрымцы Украіны, але арганізатары ёй не дазволілі.
Літоўскія ж чыноўнікі кіруюцца ў сваім рашэнн тым, што ранейшая пазіцыя Лабады ў дачыненні да Расіі выклікае недавер. Увогуле ж Сімонас Кайрыс заклікаў прадстаўнікоў канцэртнага бізнэсу ў Літве самім праяўляць больш разборлівасці і не запрашаць у краіну сумнеўных выканаўцаў, як гэта ўжо робяць у Латвіі. «Арганізатары прыватных мерапрыемстваў павінны ведаць, што яны рызыкуюць: такая асоба, якая ўяўляе пэўныя рызыкі, можа ў любы момант трапіць у спіс — ужо ёсць і такая судовая практыка. І тады яны таксама рызыкуюць сваімі інвестыцыямі, мерапрыемствам, а дзяржава будзе не на іх баку», — сказаў Кайрыс.