ISW: Крэмль збівае з панталыку Захад, каб прымусіць Украіну пайсці на перамовы

Крэмль не адступіў ад сваіх максімалісцкіх мэтаў па аднаўленні кантролю над Украінай, а толькі часткова зацяняе мэты Расіі, каб увесці ў зман заходнія краіны і прымусіць іх аказаць ціск на Украіну, каб яна папрасіла аб міры, пішуць у чарговай зводцы эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

24.11.2022 / 08:04

Фота: AP

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў 21 лістапада заявіў, што змена дзеючай улады ва Украіне не з'яўляецца мэтай расійскай «спецыяльнай ваеннай аперацыі», адзначыўшы, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін «ужо гаварыў пра гэта», хоць сам Пуцін па сутнасці гаварыў прама супрацьлеглыя рэчы.

Затуманьванне Крамлём сваіх мэтаў, верагодна, разлічанае на заходнюю аўдыторыю, тым не менш, збівае з панталыку расійскіх прыхільнікаў вайны. Адзін з «ваенкараў» у адказ на заяву Пяскова саркастычна заўважыў, што Расія вядзе вайну без выразнай мэты.

Нерашучасць Крамля ў пытанні публічнай прыхільнасці экстрэмальнай ідэалогіі і працягу вайны таксама выклікае здзіўленне ў прапагандыстаў, якія прапаведуюць такую ідэалогію расійскім масам.

Пуцін у цэлым імкнецца балансаваць паміж рэзкімі нацыяналістычнымі тэзісамі, каб заручыцца падтрымкай нацыяналістычна настроенай супольнасці, і больш памяркоўнымі тэзісамі, каб захаваць падтрымку астатняй часткі расійскага насельніцтва.

Ваенныя няўдачы Расіі і рост ахвяраў, якіх Пуцін патрабуе ад расійскага народа для працягу ўварвання, робяць яго наўмыснае затуманьванне розуму і спробы рытарычнага балансавання больш рэльефнымі, распальваючы незадаволенасць сярод крытычна важных груп насельніцтва.

Nashaniva.com