Дануце Перадня прадублявалі ранейшы прысуд
22 лістапада суддзя суда Магілёўскай вобласці Алена Картавенка асудзіла былую студэнтку Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Дануту Перадня да пазбаўлення волі на 6 гадоў і 6 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Дзяўчыну прызналі вінаватай «у дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК) і «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), піша Mayday.team.
23.11.2022 / 18:01
1 ліпеня суд Кіраўскага раёна ўжо прысудзіў Дануце Перадня такі ж самы тэрмін. Аднак суд Магілёўскай вобласці адмяніў прысуд, бо аказалася, што справа была непадсудная для інстанцыі раённага ўзроўню.
Але ў Беларусі з гэтым усё проста, і праз амаль паўгода той жа Магілёўскі абласны суд проста прадубляваў першапачатковы прысуд у 6,5 гадоў пазбаўлення волі.
Данута Перадня была затрыманая сілавікамі 28 лютага 2022 года, калі прыехала на маршрутцы з Кіраўска ў Магілёў. У віну ёй паставілі тое, што яна 27 лютага перапосціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне. Таксама там утрымліваўся заклік да вулічных выступленняў і канстатавалася адсутнасць перспектыў у беларускай арміі ў выпадку яе прамога ўступлення ў вайну.
10 чэрвеня Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс Дануту Перадня ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».