На гістарычным кніжным кірмашы ў Варшаве будзе беларускі стэнд
У чацвер, 24 лістапада, у Варшаве пачынаецца гістарычны кніжны кірмаш. Падчас кірмашу будзе працаваць і беларускі стэнд, піша Budzma.
23.11.2022 / 15:34
Гістарычны кніжны кірмаш будзе праходзіць з 24 па 27 лістапада (аркады Кубіцкага каралеўскага замка (уваход з боку ul. Grodzkiej), plac Zamkowy 4, Варшава). Час працы: з 10:00 да 18:00 (час мясцовы).
На беларускім стэндзе будзе шмат свежых беларускіх кніжак і цікавых імпрэз!
25 лістапада, пятніца:
11:00 — сустрэча з Віктарам Ляхарам, геральдыстам і мастаком. Абяцаюць размову пра візуальнае адлюстраванне вайсковай гісторыі Беларусі;
15:00 — размова з Сяргеем Тарасавым, пісьменнікам, гісторыкам і археолагам, пра даўнюю гісторыю Полацка;
16:00 — паэтычныя чытанні з пісьменніцай Ганнай Янкута і перакладчыкам Ігарам Крэбсам, а таксама размова пра паэтаў планеты ў беларускіх перакладах;
17:00 — Сяргей Тарасаў прэзентуе кнігу «Ефрасіння, Афрасіння, Офрасіння. Яе час, яе крыж».
26 лістапада, субота:
11:00 — яшчэ адна сустрэча з геральдыстам і мастаком Віктарам Ляхарам для тых, хто не паспее ў пятніцу;
13:00 — лекцыя пісьменніка і гісторыка Сяргея Тарасава пра спадчыну старажытнага Мінска;
15:00 — паэтка Наста Кудасава і мастачка Святлана Дземідовіч прэзентуюць кнігу-альбом «Побач»;
16:00 —перакладчык Ігар Крэбс прэзентуе пераклады з нямецкай — «Габрэйскія мелодыі» Генрыха Гайнэ і «Старая новая зямля» Тэадора Герцля;
16:30 — пісьменніца Ганна Янкута прэзентуе кнігу для дзяцей «Марта і яе мара пра снег» і зборнік вершаў «Канстытуцыя»;
17:30 — пісьменніца Святлана Курс/ Ева Вежнавец прэзентуе кнігу «Па што ідзеш, воўча?».
27 лістапада, нядзеля:
11:00 — пісьменніца Ганна Янкута і перакладчык Ігар Крэбс з чытаннямі для дзяцей (гісторыі пра ката Шпрота, Марту і снег, Казачнае воднае агенцтва, Дзеда Мароза і інш.);
13:00 — члены каманды фестывалю інтэлектуальнай кнігі Pradmova прэзентуюць новы конкурс рукапісаў для тэкстаў на беларускай мове ў трох галінах, а таксама адкажуць на пытаннечкі ў сувязі з фарматам і асаблівасцямі правядзення фестывалю ў новых умовах.