«Што за дзірка?» Дзяўчына паскардзілася на букет за 80 даляраў з мінскага салона
абмяркоўвайце
Нядаўна беларуска абурылася букетам, які ёй замовілі ў падарунак у адным з мінскіх салонаў. Дзяўчына была незадаволена нясвежасцю кветак, іх кампазіцыяй і ўпакоўкай, а таксама памерам букета. За 80 даляраў яна чакала іншага.
26.11.2022 / 19:06
«Што гэта за гульня — чатыры запар? Што з якасцю паперы?»
«Вы хочаце даведацца, ад чаго я плакала ўчора паўвечара? Паспрабуйце быць аб’ектыўнымі ў гэтай гісторыі, — пачала свой расповед яна ў сторыз. — Пачнём з таго, што мне прыходзіць наймілейшае смс, і я разумею, што мяне вырашылі парадаваць букецікам. Але ў выніку мне прыйшла такая кампазіцыя. Як вам якасць кветак і складанне кампазіцыі? З улікам таго, што каштаваў ён 80$».
Дзяўчына піша, што фота зроблена адразу пасля атрымання кветак і не рэдагавалася, і працягвае:
«Калі хто мала разбіраецца, я пакажу, — публікуе яна чарговую сторыз. — Што за дзірка? Ёсць адчуванне, што кветачку скралі. Што гэта за гульня — чатыры запар? Што з якасцю паперы? Чаму ўсё такое скамечанае? Калі вам гэтага недастаткова, паглядзіце на памер».
Паводле слоў мінчанкі, яна ездзіла ў офіс салона — там ёй быццам адказалі, што гэта яе віна: не паставіла кветкі ў ваду, іначай яны б параспускаліся.
«А дзе яны, прабачце, паспелі завянуць? Іх кур’ер вёз 10 хвілін, — здзіўлялася аўтарка сторыз. — Вядома, ніякіх кампенсацый і выбачэнняў я не пачула».
Таксама яна публікуе яшчэ адно фота з букетам ружаў і сцвярджае, што гэтыя кветкі былі замоўленыя ў тым жа салоне. І зноў абураецца:
«Велізарны бутон, які адразу ж распусціўся, і побач маленькі. Вы бачыце, што ўсе кветкі абсалютна розныя? У выніку палова ў мяне загінула праз два дні, хаця я ўсё падразала і трымала ў вадзе».
Фларыстка: «Пры атрыманні кветак трэба абавязкова падрэзаць іх сцёблы і паставіць расліны ў цёплую ваду»
З гэтай нагоды «Наша Ніва» пагутарыла з Ірынай — прафесійнай фларысткай, якая мае некалькі год навучання ў еўрапейскай установе і дзесяць год стажу ў кветкавай сферы. Мы запыталі, ці могуць кветкі завяць за 10 хвілін, ці ёсць у кампазіцыі гэтых букетаў заганы і чаму крама выкарыстала пакамечаную ўпакоўку.
Паводле слоў фларыста, мяркуючы па фота, букет складаецца з дарагіх сартавых піёнападобных руж White O’Hara і такіх жа куставых Mansfield Park, а таксама сартавых дыянтусаў (гваздзікоў) Apple Tea.
«Якраз запар выстраіліся чатыры куставыя півонападобныя ружы Mansfield Park. Гэта прырода: на адной ножцы растуць па некалькі кветак у розныя бакі. Гэта як у чалавека — адно вока большае, другое меншае, такая прырода, з гэтым нічога не зробіш, яна не можа быць ідэальнай», — кажа Ірына.
Па кампазіцыі букета ў фларысткі няма заўваг. Належна падабраныя колеры, кантрасты і кампазіцыйны цэнтр. А што да таго, што букет выглядае «стомленым»?
«Фларыст — гэта чалавек, які захоўвае кветкі і не дасць ім загінуць. Перад адпраўкай кліентам крамы трымаюць букеты ў вадзе ў халадзільніку — іншае стаўленне да раслін мне цяжка ўявіць нават у кветкавым ларку. Першымі сярод кветак з гэтай гісторыі завянуць ружы, а гваздзік увогуле вельмі моцны і ўстойлівы. Таксама можна вызначыць, ці была пастаўлена расліна ў ваду, па сцябле — яно будзе засохлым і пацямнее. Гэты крытэрый карысны і для купца, і для прадаўца, якому выстаўлена прэтэнзія», — тлумачыць фларыстка.
Яна адзначае, што знаходжанне без вады для кветак такі ж стрэс, як і для чалавека адсутнасць паветра. Нават пасля кароткай троххвіліннай дарогі кветкі трэба адпаіць.
«За гэты час поры кветкі забіваюцца паветрам і мала якія з іх застаюцца адкрытымі, а праз іх расліна насычаецца вадою», — гаворыць Ірына.
Спецыяліст адзначае: пры атрыманні кветак трэба абавязкова падрэзаць іх сцёблы і паставіць расліны ў цёплую ваду, каб тыя «аджылі». Таксама нельга кідаць кветкі на канапу і класці на іх іншыя рэчы (сумку і г.д.) — асабліва чуллівыя да механічных уздзеянняў ружы, іх пялёсткі надта кволыя.
Фота: pixabay.com
Ці можа стацца так, што кур’ер сапсаваў букет? У тэорыі так, але ж гэта не ў інтарэсах дастаўшчыкаў (у тым ліку тых, хто супрацоўнічае з «Яндэксам»).
«Паводле дамовы з кветкавымі крамамі, кіроўцы нясуць адказнасць за тавар, які дастаўляюць. Таксама кур’еры маюць у сістэме суму, якую павінны будуць сплаціць, калі тавар будзе пашкоджаны ў працэсе перавозкі ці не дастаўлены атрымальніку», — адказвае Ірына.
У дзяўчыны, якая атрымала букет, была прэтэнзія і да ўпакоўкі. Аказваецца, гэта сучасны трэнд, выкарыстоўваецца папера ціш’ю: яна хрусткая і мяккая. Яе мнуць наўмысна — гэта падобна да трэнду ў дызайне інтэр’ераў, калі мэблю знарок стараць для прыдання вінтажнасці.
Звычайна вярнуць грошы крама можа толькі заказчыку, а не атрымальніку букета, бо апошні яго не аплачваў. Акрамя таго, часта крамы паказваюць заказчыку фота канчатковага варыянта букета, з якім ён згаджаецца.