Расійскі акадэмік папракнуў украінцаў, што яны не могуць жыць без туалетнай паперы
Былы расійскі сенатар ад Бураціі, акадэмік РАН Арнольд Тулахонаў апублікаваў адкрыты ліст, адрасаваны свайму ўкраінскаму калегу, у якім сярод іншага папракнуў украінцаў, што яны прыхільныя да бытавых выгодаў, у адрозненне ад расіян. На думку акадэміка, гэта кепска.
22.11.2022 / 18:59
Ліст акадэміка ў асноўнай сваёй частцы пераказвае звычайныя расійскія прапагандысцкія штампы, але ёсць у іх і арыгінальныя закіды персанальнага характару.
«Вашы салдаты [УСУ] запатрабавалі за майго палоннага сваяка 300 тысяч рублёў і, атрымаўшы гэтую суму, пакаралі смерцю яго і паказалі ўсё па сацсетках, іншага кастрыравалі — і ўсё гэта толькі за тое, што яны бураты», — заявіў Тулахонаў, не называючы імёны пацярпелых.
Акрамя таго, экс-сенатар заявіў, што ўкраінцы, у адрозненне ад сібіракоў, «не могуць жыць» без туалетнай паперы і добрай ежы.
«Мы, сібіракі, прывыклі жыць без асаблівага дастатку. [ … ] Мой настаўнік, акадэмік Валянцін Капцюг, у цяжкія 90-я гады казаў, што расіяне пры патрэбе могуць купіць мяшок бульбы і цукру, нарыхтаваць дровы, самі адрамантаваць любы прыбор і жыць далей.
Зусім іншыя патрэбы ў нашых праціўнікаў, якія не могуць жыць без туалетнай паперы, хамону, камамберу. Цяпер ваша чарга жыць пры свечках і паліць вогнішчы», — цешыцца Тулахонаў.