Нобелеўскі лаўрэат Муратаў у гутарцы з Дудзём патлумачыў, чаму расіяне гінуць і маўчаць
Пуцін зрабіў службу ў арміі адзіным магчымым сацыяльным ліфтам для жыхароў правінцыі, а смерць роднага на вайне — выгаднай для сем'яў, якія жывуць у галечы, расказаў лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, галоўны рэдактар «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў у інтэрвʼю Юрыю Дудзю. Ëн таксама звярнуў увагу на ролю царквы і купленых блогераў у завабліванні людзей на фронт. І параўнаў сітуацыю з часамі Чачэнскай вайны.
22.11.2022 / 20:37
Тут і далей: скрын відэа
Дзмітрый Муратаў заўважыў, што ніводзін дэпутат, ні той жа сын Мядзведзева, да прыкладу, на вайну не ідуць, у той час як «аблавы па ўсёй краіне, каб закрыць тысячакіламетровую лінію фронту». «Таму што гэта справа народа — ісці паміраць у акопах. Мы народу заплацім за яго смерць».
Муратаў узгадвае, што падчас Чачэнскай вайны была іншая атмасфера ў краіне і была іншая каштоўнасць жыцця салдата.
«Вось увайшлі ў Чачню. Ну ўвайшлі тыпу і ўвайшлі. А потым дзеці пачалі знікаць: не пісаць, не тэлефанаваць. І тады маці паехалі ў Чачню выконваць абавязкі радзімы. Яны пачалі іх шукаць».
Жанчын пасялілі ў адну з вайсковых казармаў, яны харчаваліся ў сталоўцы з вайскоўцамі (толькі ім, у адрозненне ад афіцэраў, не давалі смятаны да баршчу, узгадвае дэталь Муратаў).
«Спачатку ў казарме жыло 30 маці, потым ледзь не 100». Калі армія сыходзіла, яны казарму забралі з сабой, а маці засталіся.
«Яны хадзілі па ўсёй Чачні, абменьваліся данымі аб сваіх дзецях. Ганна Іванаўна Пісецкая здагадалася, што гэта не яе сын дасланы ёй у труне. Знайшла яна свайго сына і знайшла маці таго, чые парэшткі былі пахаваныя ў яго магіле».
Рускім жанчынам дапамагалі чачэнскія маці. «У Чачні жанчына — гэта вельмі аўтарытэтны чалавек, яе нельга пакрыўдзіць, і калі яна казала: аддай палоннага, аддавалі палоннага», — узгадвае Муратаў.
«І маці заступіліся за сваіх дзяцей. Шмат у чым вайна была спыненая, таму што маці пайшлі», — кажа ён.
Сёння ж расійскія маці не едуць на фронт шукаць сваіх дзяцей.
«А цяпер… як пісьменна падышла дзяржава да пытання гэтай галечы». Муратаў прыгадвае, што ў Маскве, напрыклад, у багатым рэгіёне сям’і загінулага кантрактніка да федэральных грошай у 7,5 млн рублёў бюджэт сталіцы дадае 3 млн рублёў.
«Гэтая ж інвестыцыя ў смерць аказваецца надзвычай выгаднай. І людзі кажуць: ну так, але ж затое грошы дадуць.
Зарплата на прадпрыемстве заўсёды ў 10 разоў ніжэйшая, чым зарплата па кантракце ў войску. Кантрактнік, напрыклад, з Уладзімірскай вобласці атрымлівае 300 тысяч рублёў, а заробак, дапусцім, на заводзе, дзе робяць падфарнікі, або на заводзе вентылятарным ва Уладзімірскай вобласці — максімум 25—30 тысяч рублёў — у 10 разоў вайна каштуе даражэй, чым мірная праца», — звяртае ўвагу Муратаў.
Смерць становіцца выгаднай справай. «Царква зладзіла праект пад назвай «Смерць у абмен на дараванне грахоў», а ўлада — аўкцыён нябачанай шчодрасці «Смерць як удалае ўкладанне сямейных інвестыцый».
А чалавек за службу па кантракце, калі ён загінуў, атрымае столькі грошай, колькі ён павінен быў бы зарабляць на працягу чвэрці стагоддзя».
Муратаў узгадвае адказ адной з жанчын, любімы брат якой загінуў на вайне. Сястра ўзяла грошы за яго смерць. На пытанне, як яна магла, яна адказала: «Калі б я магла вярнуць брата, я б грошы не ўзяла. А калі я не магу вярнуць брата, чаму я павінна губляць грошы?»
«Паглядзіце, як яны ставяцца да каштоўнасцяў жыцця. Галеча прыводзіць да таго», — мяркуе нобелеўскі лаўрэат.
Ён узгадвае прапаганду вайны і мабілізацыі, калі купленыя блогеры на мармеладзе, цукерках і бульбе фры пераконвалі, што вайна забярэ не так ужо і шмат жыццяў, людзей у Расіі хапае.
«Нейкая блогерка, яна была купленая оптам, як і іншыя блогеры, для прапаганды вайны, паказала: вось адна бульбачка, а ў пакеціку сто засталося. Мы ж мабілізуем вось столькі, хер з ёй з той бульбай, ну яна аддасць жыццё. А вось мармелад або цукерка, а ў пакуначку яшчэ 100 цукерак. Ды што мы будзем [хвалявацца] з-за адной гэтай цукеркі? Пакет жары, бульбу жары, забудзься пра гэту адну лустачку і адну цукерку.
Бо людзі павінны ідэнтыфікаваць сябе з народам і з вялікай краінай, а не са сваім вузкаэгаістычным інтарэсам, звязаным з тым, што калісьці акушэрка ўдарыла твайго сына па азадку і пусціла ў гэтае жыццё.
Пуцін даў людзям веліч, абыходзячы стадыю камфорту. Гэта вялікая сацыяльная інжынерыя», — рэзюмуе Муратаў.