Фіны пакуль не змогуць прадаць «Лідскае піва»
Фінская група кампаній Olvi выступіла з заявай, што наўрад ці прадасць свой беларускі актыў — «Лідскае піва» — у агляднай будучыні праз змены ў беларускім заканадаўстве.
22.11.2022 / 16:43
«У сувязі з унясеннем шэрагу зменаў у заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць парадак продажу актываў замежных кампаній на тэрыторыі Беларусі, было прынята рашэнне аб тым, што продаж ААТ «Лідскае піва», актыву Olvi ў Беларусі, наўрад ці адбудзецца ў найбліжэйшыя 12 месяцаў», — гаворыцца ў паведамленні кампаніі.
Там растлумачылі, што, зыходзячы з фінансавых стандартаў групы, «Лідскае піва» больш не можа быць уключана ў спіс актываў, прызначаных для продажу, і зноў уключана ў кансалідаваную справаздачнасць кампаніі.
Да гэтага ў пачатку сакавіка рада дырэктараў Olvi Group прыняла рашэнне пакінуць беларускі рынак. У жніўні кампанія заявіла, што на працягу года мае намер прадаць сваё ААТ «Лідскае піва».
Аднак 11 лістапада падчас працоўнай паездкі ў Талачынскі раён Аляксандр Лукашэнка заявіў, што маёмасць замежных інвестараў, якія пакідаюць Беларусь, можа быць нацыяналізаваная. Ён дадаў, што не хоча называць канкрэтную кампанію, але яму «яны ўжо сігналізуюць, што адныя ўцяклі, фіны».