«Часам сумкі з жывёламі прыляталі ў вокны». Жанчына трымае дома 86 катоў, 26 сабак і 8 авечак
Дзевяць гадоў таму па дарозе на працу Аксана Саўчук знайшла зайца, які патрапіў пад колы. Разгубіўшыся, яна працягнула шлях на фабрыку мастацкіх вырабаў, дзе тады працавала. Але, сеўшы за швейную машынку, так і не зрабіла ні шыўка: перад вачыма стаяла скрываўленае цельца пухнатага звярка. Жанчына вярнулася да небаракі, загарнула яго ў халат, адвезла на аперацыю на ветстанцыю, стала выходжваць і праз нейкі час выпусціла на волю. Гэты выпадак і паклаў пачатак гісторыі выратавання знявечаных жывёл, піша Onliner.
22.11.2022 / 12:34
У Аксаны заўсёды жылі вулічныя сабакі і каты, але пасля зайца ў доме пасяліліся гадаванцы-інваліды, у тым ліку сабакі Джэк і Калясік, аднаго з якіх пераехаў цягнік, а ў іншага стралялі. Дзеля ўлюбёнцаў жыхарка Слоніма прадала кватэру і разам з сям'ёй пераехала ў трохпавярховы катэдж за горадам. Цяпер у зааінтэрнаце жыве 86 катоў, 26 сабак і 8 авечак.
«Мяне ніхто не сустракаў з працы так радасна, як сабакі»
— Днямі памерла бабуля, і яе блізкія папрасілі, каб я забрала ката: больш за ім прыглядаць няма каму. Падобнае здараецца кожны дзень. На прадпрыемстве ашчэніўся сабака, каля крамы блукае кацяня, гаспадары выкінулі з машыны сабаку або з'язджаюць за мяжу і не могуць павезці гадаванца — і людзі звяртаюцца да мяне. Пытаюся: «Можа, вы самі што-небудзь зробіце?» Адказ адмоўны, ніхто не хоча несці адказнасць. А я, калі ўжо ўзялася, павінна давесці да канца.
Так, бывае цяжка, але здавацца нельга. Бо гэта шчасце, калі хворая або параненая жывёла выжывае. Яшчэ больш я радуюся, калі яна ўстае на лапкі і самастойна ходзіць у туалет. Як тут скажаш, што ўсё надакучыла, ці выганіш іх на вуліцу? Я нават родным кажу, каб яны, калі я памру, кінулі гадаванцаў у адну магілу са мной. Таму што нікому яны не патрэбныя і наўрад ці здабудуць новых гаспадароў, — кажа Аксана, а за яе спінай, на агароджаным сеткай лужку, носяцца сабакі.
«Яны вельмі любяць абдымацца», — дадае жанчына, адкрываючы гараж. Вонкі, скуголячы, віляючы хвастамі і нецярпліва штурхаючыся, выскоквае сабак пятнаццаць. Маленькія і вялікія, пародзістыя і дваровыя, яны ўзбуджана куляюцца ў паветры і ўстаюць на заднія лапы, каб лізнуць гаспадыню ў твар. Раз-пораз уступаюць у сутычку з суродзічамі, і тады Аксана, узяўшы «пакаралачку» — гімнастычную палку, разнімае іх.
Гэта яшчэ не ўсё, некалькі барбосаў застаюцца на канапах і ляжаць на дыване ў гаражы. А ўжо за сцяной пачынаюцца ўладанні катоў. Арыенцір — паліца ў дзвярах, даверху набітая лекамі. І калі гаспадыня прымае толькі таблеткі ад спазмаў, то ў аптэчцы чатырохногіх, здаецца, ёсць усё: кропельніцы, антыбіётыкі, абязбольвальныя і кроваспыняльныя прэпараты. У прынцыпе, нічога дзіўнага: Аксана адна, а жывёл больш за сотню, і яны паўсюль: на батарэях, кухонных стальніцах, у ванным пакоі.
— Пачалося ўсё з сям'і і дзяцінства. Іду са школы, бачу параненага голуба або кацяня і цягну іх дадому. Бацькі і слова не сказалі, яны былі толькі за. Праўда, мама забараняла трымаць у кватэры сабак, хоць бацька вельмі хацеў іх завесці. Затое ў нашым доме заўсёды былі каты, — вяртаецца да вытокаў жанчына.
У пачатку 2000-х яна з'ехала на заробкі ў Іспанію. Стоячы ў чарзе, каб паслаць родным грошы, Аксана пазнаёмілася з Андрэем, сваім будучым мужам. Дзесяць гадоў муж і жонка, не ведаючы бед, жылі ў Валенсіі, дзе ў іх нарадзіўся сын (яшчэ адзін сын, у Аксаны ўжо было дзіця ад першага шлюбу). А потым у краіне пачаўся крызіс, і мігрантаў звольнілі. Яны вярнуліся ў Беларусь, на радзіму галавы сямейства, прыхапіўшы з сабой рудога іспанскага ката, якога Андрэй падабраў на вуліцы.
Першы час жанчына працавала швачкай на слонімскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, але пазней уладкавалася на рынак — і тут панеслася. Аксана не шукала жывёл, яны знаходзілі яе самі.
— На градусніку мінус 25. Мы з дзяўчынкамі п'ём каву і чуем: жаласна мяўкае маладзенькая кошка. Я прынесла яе ў ралет, пакарміла, а праз некалькі дзён аднесла дадому. Так у нас пасялілася Буся. Праз час на рынак прыйшоў шчанюк, сеў да мяне на ногі і глядзіць. Я хацела аддаць Машу ў добрыя рукі, але дзеці прасілі: «Мамачка, не аддавай, мы будзем яе глядзець». Тут ужо я нічога не магла зрабіць, прыйшлося даць прытулак і ёй.
Прайшло яшчэ два месяцы, і ў мой ралет звяртаецца бяздомная бельгійская аўчарка. Мы з мужам раскладвалі тавары, а яна раз — і села ў машыну Андрэя. Ён кажа: «Давай возьмем, будзе Машы сяброўка». Сказана — зроблена, — успамінае суразмоўца.
У той час яе сям'я жыла ў кватэры на першым паверсе. Часта здаралася, што пад балконам людзі пакідалі гадаванцаў. А часам сумкі з кацянятамі і шчанюкамі прыляталі ў вокны. Выкінуць іх назад не дазваляла сумленне.
— Мы з Андрэем хацелі завесці трэцяе дзіця, але ў нас два разы не атрымалася. Калі б не гэта, жывёл не было б. У мяне велізарны нерастрачаны патэнцыял любові. Калі муж ад'язджаў у рэйс, я ішла да старэйшага сына Сашы, каб пацалаваць. Ён вырываўся з абдымкаў, і тады я спрабавала прылашчыць Віцю. Ён таксама ўпіраўся: «Мама, адстань». А каго мне яшчэ абдымаць? Мне трэба кагосьці даглядаць, хадзіць за ім, але такога чалавека не было. Таму мая ўвага сканцэнтравалася на жывёлах, — тлумачыць гаспадыня.
Яе муж, дальнабойнік па прафесіі, цяпер у рэйсе, а сыны выраслі і з'ехалі — адзін у Мінск, другі ў Гродна. Так што ўся гаспадарка ляжыць на яе плячах.
«Сусед прыйшоў з касой усіх забіваць, таму што сабакі гучна брэшуць»
Колькасць пухнатых пастаяльцаў імкліва расла. З гэтым трэба было тэрмінова нешта рабіць, бо чатырохпакаёвай кватэры ўсё ж такі не хапала, каб размясціць 20 катоў і 5 сабак. Гаспадары выставілі яе на продаж і сталі выбіраць жыллё. Участак у вёсцы Чэмеры ў 25 сотак з высокім плотам і хлявамі, дзе цяпер жывуць авечкі-газонакасілкі, Аксана з мужам набылі праз год пошукаў.
Новыя ўладальнікі трохпавярховага асабняка зыходзілі з таго, што ім і чатырох пакояў хопіць, а вось жывёлам можа спатрэбіцца цэлых дзесяць. Улюбёнцам адвялі ўвесь першы паверх, але паступова яны захапілі астатнюю тэрыторыю. Квадратныя метры, зрэшты, выразна размеркаваны: у адным памяшканні здаровыя сабакі, у другім — сабакі перад кастрацыяй, у трэцяй — інваліды. Тое ж і з катамі: прышчэпленыя і стэрылізаваныя жывуць асобна ад тых, каму яшчэ трэба будзе гэта перажыць. Толькі на трэцім паверсе, у пакоі старэйшага сына Аксаны, суседнічаюць адразу трое: ягня Чабурашка, якога знаёмыя жанчыны знайшлі на трасе пад Пружанамі, сабака Персіваль, ад якога адмовілася заводчыца, і кошка з вірусам імунадэфіцыту.
— Пакуль жылі ў кватэры, складана было ў адзіночку выгульваць сабак. Да абеду я працавала на рынку, потым бегла дадому і па чарзе тройчы ў дзень выводзіла сабак на вуліцу — і так тры разы ў дзень. Цяпер лягчэй: у сваім доме адкрыеш дзверы — і чатырохногія пабеглі па сваіх справах. Хоць усё роўна даводзіцца нялёгка. Я ўстаю а восьмай раніцы, раблю абыход, правяраючы, ці ўсе жывёлы на месцы. Адначасна наліваю ваду, насыпаю корм — у дзень на ўсіх трэба прыкладна 30 кілаграмаў — і гляджу, ці ўсе ядуць. Калі хто ўбаку, значыць, захварэў, паедзем да доктара. Толькі бліжэй да абеду я прыводжу сябе ў парадак і снедаю. І тое пра іх не забываю: паглядзіць хто жаласна — кіну кавалачак бутэрброда, — апісвае свой распарадак суразмоўніца.
Далей па раскладзе прыбіранне. Задач з такой колькасцю падапечных хапае, і Аксана не заўсёды паспявае зрабіць, што планавала. Яна хацела б наняць памочніцу, але знайсці жанчыну, якая б гэтак жа адчайна ўпадабала б катоў і сабак, пакуль не ўдалося. Наадварот, некаторыя супраць таго, каб уладальніца трымала гадаванцаў. Лічаць, што іх трэба ўсыпіць.
— Калі мы толькі-толькі пераехалі сюды, суседзі падкідвалі жывёл на наш двор. Яны пагражалі нам, нават прыходзілі забіваць. Як цяпер памятаю: на гадзінніку палова сёмай, да нас прыходзіць мужчына з касой у руках усіх рэзаць, таму што сабакі брэшуць. Я выклікала міліцыю. Нейкі час было ціха, але потым яшчэ адзін сусед адкрыў брамку і выпусціў сабак. Уцяклі толькі два. Аўчарка адразу ж вярнулася, а Марту, адну з першых улюбёнак, шукалі два дні. Я тады ледзь не звар'яцела. Цяпер мае вароты і дзверы заўсёды на замку, а на тэрыторыі ёсць камеры, каб, калі што здарыцца, паглядзець, у чым справа, — каментуе жанчына.
Паводле яе слоў, усе гадаванцы жывуць легальна: яны прапісаны ў доме і зарэгістраваныя ў сельсавеце. Кожны месяц яна плаціць 33 рублі за ўтрыманне падапечных. Акрамя таго, яны застрахаваныя — калі хто-небудзь з іх ўкусіць або моцна напалохае госця, той атрымае кампенсацыю. Сабакі Аксаны, трэба сказаць, не кусаюцца, але паводзяць сябе вельмі актыўна, жадаючы, каб іх пагладзілі або пачухалі жывот.
— Некаторыя скардзяцца на валанцёраў, маўляў, яны збіраюць чужыя грошы і выдаткоўваюць іх на свае патрэбы. Але ў мяне выразная справаздачнасць. У жывёл свая пластыкавая картка, куды паступаюць ахвяраванні, у мяне свая. Кожны месяц я раблю выпіскі з рахункаў. Так што праблема хутчэй у тых, хто выкідае сваіх гадаванцаў, — дзеліцца меркаваннем Аксана. — Ні разу за ўсе гады не было такога, каб знайшліся гаспадары маіх катоў ці сабак і хацелі іх забраць. Бывае, з'яўляюцца ахвотныя здабыць любімца, але я, перш чым аддаць каго-небудзь, доўга размаўляю з патэнцыйным уладальнікам, сачу, каб ён быў непітушчы, гляджу жыллёвыя ўмовы. Здаралася, што я давярала жывёл, а пасля даведвалася, што здарылася бяда: альбо ўчастак не абгароджаны, альбо сабаку пасадзілі на ланцуг. Я катэгарычна супраць такога: праз гэта ў сабак ламаецца псіхіка.
«Будзе не 120, а 1200»
Апошнім пасяленцам у «ноевым каўчэгу» стаў лабрадор Анегін, якому два тыдні таму папрасілі даць прытулак іншыя валанцёры. Спярша Аксана хацела адмовіцца, але не змагла. Як гэта — яна будзе піць каву, а сабака будзе паміраць на вуліцы ад наступстваў укусу кляшча? А калі яна злічыла жывёл, «ледзь не звар'яцела»: не чакала, што іх колькасць пераваліла за сотню.
Пры гэтым жанчына памятае мянушкі, гісторыі і хваробы ўсіх гадаванцаў — амаль усе выпадкі крытычныя, хоць у яе і няма ветэрынарнай адукацыі. Ката Барсіка, напрыклад, у Мінску на Налібоцкай, 33, збіла машына. У міні з Прытыцкага, 7, няма лапы. А лайку і алабая, сабак, якія павінны быць па 50 кілаграмаў, а важылі менш 20, канфіскоўвалі з міліцыяй з сям'і, якая карміла сабак сырым бураком.
Часам візіт у клініку неабходны адразу некалькім падапечным. Не ўсе таксісты згаджаюцца ўзяць іх у салон, але ёсць адзін, хто заўсёды гатовы даставіць чатырохногіх па адрасе. Карціна пацешная: жанчына з пераноскамі і пяццю ланцужкамі ў руках спрабуе размясціць улюбёнцаў у вялікай машыне. Калі ж ёй раптам трэба з'ехаць па сваіх справах, пакінуўшы касматых дома, яна наймае вартаўніка, каб той падтрымліваў парадак у катэджы і сачыў, каб чацвераногія не пабіліся.
Самае складанае — гэта не вылечыць жывёлу, а знайсці ёй годную сям'ю, якая клапацілася б пра гадаванца лепш, чым Аксана. Сёлета новых гаспадароў знайшлі толькі 5 катоў і 10 сабак. Астатнія ці не спадабаліся патэнцыйным уладальнікам, ці вярнуліся назад у дом жанчыны.
— Я баюся адкрываць прытулак. Людзям толькі скажы гэтае слова, і яны тут жа прывязуць дакучлівых жывёл. Тады ў мяне іх будзе не 120, а 1200. У ідэале — калі б да мяне прыязджалі нагледзець сабе сабаку ці ката, які стане не рэччу, а часткай сям'і. Я была б шчаслівая ад усведамлення, што іх прытулілі добрыя гаспадары, — кажа Аксана.