Тэлескоп Webb зафіксаваў ашаламляльную пратазорку ў выглядзе «пясочнага гадзінніка»
Касмічны тэлескоп Webb здымае выявы блізкага і далёкага Сусвету з пачатку гэтага лета. На гэтым тыдні прадстаўнікі NASA паказалі апошні партрэт Уэба: здымак цёмнага воблака пад назвай L1527 і святла, якое зыходзіць ад пратазоркі ў яго ядры.
22.11.2022 / 17:58
L1527 знаходзіцца прыкладна за 460 светлавых гадоў ад Зямлі і мае дыяметр 0,3 светлавых года. У яго цэнтры знаходзіцца пратазорка — вельмі маладая зорка, якая ўсё яшчэ фарміруецца. Раней воблака было сфатаграфавана касмічным тэлескопам Spitzer і радыётэлескопам ALMA, якія выявілі характэрную форму пясочнага гадзінніка. Але Webb дасягнуў надзвычай выразнай выявы з дапамогай камеры блізкага інфрачырвонага дыяпазону.
Зверху і знізу бачнае святло ад пратазоркі, якое асвятляе пустоты ўнутры навакольных адтокаў газу і пылу з гэтага аб'екта. Фігуры ў верхняй частцы выявы падобныя да бурбалак — гэта зорныя «адрыжкі» або выкіды газаў, гаворыцца ў афіцыйным паведамленні навукоўцаў. Правая ніжняя вобласць выглядае сіняй, а не аранжавай, таму што паміж ёй і Уэбам менш пылу.
Таксама прадстаўнікі NASA далі агульную справаздачу аб навуковых дасягненнях Уэба, бягучым стане тэлескопа і далейшых даследаваннях Сусвету касмічным агенцтвам. На сённяшні дзень Уэб перажыў ужо 14 удараў мікраметэарытамі, адзін з якіх быў асабліва сур'ёзным. Навукоўцы кажуць, што чакалі гэтага, і ўносяць некаторыя аперацыйныя змены, каб пазбегнуць любых уздзеянняў у будучыні.
Gizmodo распавядае, што фота было прадстаўлена непасрэдна ў падкамітэце Палаты прадстаўнікоў ЗША, дзе амерыканскія кангрэсмены, акрамя пытанняў пра чаканую даўгавечнасць місіі і тэхнічныя збоі ў прыборах, мелі магчымасць задаць агульныя пытанні аб астрафізіцы і космасе.
Так, адзін з кангрэсменаў хацеў ведаць, што было раней, да ўзнікнення Сусвету. «Мой любімы адказ на гэта пытанне — ваша здагадка такая ж добрая, як і мая, — сказаў Стывен Фінкельштэйн, астраном і галоўны даследчык. — Больш тэхнічны адказ, які мне не падабаецца, заключаецца ў тым, што паняцце часу існуе, толькі пакуль існуе Сусвет. Так што ніякага «раней» не было».
Тым часам як тое, што было да Вялікага выбуху, застаецца сферай тэорыі, адным з галоўных прыярытэтаў NASA з’яўляецца даследаванне цёмнай энергіі — невядомага рухавіка пашырэння Сусвету, які пастаянна паскараецца. Працягласць жыцця Уэба ў космасе ацэньваецца прыкладна ў 20 гадоў.