Дэпутат Клішэвіч прапануе вазіць айцішнікаў з рыдлёўкамі ў Хатынь

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч, каментуючы нараду ў Лукашэнкі аб працы Парка высокіх тэхналогій, заявіў, што трэба прыгледзецца да працы айцішнікаў.

18.11.2022 / 14:06

Паводле Клішэвіча, неабходна выпраўляць сітуацыю, калі айцішнік дзень і ноч сядзіць у камп'ютары, а дзяржава не кіруе гэтымі камп'ютарамі, яго месенджарамі і інфармацыйнымі плынямі.

«Трэба падумаць, што мы закладаем, акрамя фінансаў, у ідэалогію працы з IT-сектарам. Ці ў курсе той айцішнік пра свайго прадзеда, прабабулю, якія ваявалі, таксама вызвалялі на фронце і давалі яму магчымасць займацца гэтым IT-бізнэсам? Ці ў курсе ён пра Хатынь, якая будуецца? Магчыма, трэба было б іх, можа, не на пастаяннай аснове, але перыядычна адрываць ад камп'ютара і везці ў Хатынь, каб яны там папрацавалі рыдлёўкай на гэтым аб’екце разам з нашымі камсамольцамі. Каб яны прасякнуліся яшчэ і духоўнымі пытаннямі, не толькі камп'ютарамі», — сказаў Клішэвіч.

На яго думку, калі дзяржава не зможа «знайсці баланс», то IT-спецыялістамі будуць кіраваць так, як гэта трэба «іншым», за межамі Беларусі і не ў яе інтарэсах.

Nashaniva.com