Навальнага адправілі ў памяшканне камернага тыпу

«Навальнага перавялі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Гэта як ШІЗА, толькі не на 15 сутак, а назаўжды», — напісала прэс-сакратар палітыка Кіра Ярмыш.

17.11.2022 / 15:09

У блогу Навальнага тлумачыцца, што, акрамя штрафнога ізалятара (ШІЗА), дзе зняволенага могуць трымаць не больш за 15 сутак, ёсць яшчэ «строгія ўмовы ўтрымання: барак, дзе ўсе дзверы зачыняюцца, з якога не выпускаюць, і шмат усялякіх абмежаванняў».

«А для яшчэ больш заўзятых ёсць ПКТ. Гэта звычайная цесная камера, як ШІЗА, толькі можна мець з сабой не адну кніжку, а дзве, і карыстацца турэмнай крамай, праўда, на вельмі абмежаваную суму», — гаворыцца ў публікацыі.

Навальнага перавялі ў ПКТ усяго за некалькі дзён да запланаванага спаткання з роднымі, якое раней таксама неаднаразова адкладалася. Пры ўтрыманні ў памяшканні камернага тыпу працяглых спатканняў наогул няма.

1 лістапада Навальнага сёмы раз адправілі ў ШІЗА. Палітык і ягоныя адвакаты лічаць гэтыя меры формай ціску на Навальнага, які выступае супраць вайны, нават адбываючы свой дзевяцігадовы тэрмін у калоніі. З антываеннымі прамовамі ён выступае на судовых пасяджэннях і аспрэчвае адпраўку ў ШІЗА.

Nashaniva.com