Мяч, які кранула рука Марадоны ў 1986 годзе, прадалі за рэкордныя 2,4 мільёна даляраў
Футбольны мяч, якім аргенцінскі футбаліст Дыега Марадона забіў два галы ў чвэрцьфінале чэмпіянату свету 1986 года ў матчы супраць Англіі, прададзены на аўкцыёне за 2 млн фунтаў (2,4 млн даляраў), піша Бі-бі-сі.
17.11.2022 / 11:22
Першы гол, забіты ў матчы паміж зборнымі Англіі і Аргенціны, стаў адным з самых знакамітых у гісторыі. На 52-й хвіліне, пры ліку 0:0, знаходзячыся ў штрафной суперніка, Марадона падскочыў адначасова з брамнікам Англіі Пітэрам Шылтанам і кулаком паслаў мяч у вароты. Пазней ён сказаў, што гол быў забіты «часткова галавой Марадоны, а часткова — рукой Бога».
Яшчэ праз чатыры хвіліны Марадона забіў гол, вядомы сёння як «гол стагоддзя». Ён атрымаў мяч на сваёй палове поля і пачаў рух да брамы супернікаў, абводзячы аднаго гульца за адным. Прайшоўшы пяцярых футбалістаў англійскай зборнай, ён абвёў брамніка і забіў гол. У выніку англічане прайгралі з лікам 1:2.
Брытанскі аўкцыённы дом Graham Budd прадаваў мяч, які знаходзіўся на полі на працягу ўсяго гэтага матча, такім чынам яго новы ўладальнік змог у пэўнай ступені далучыцца адразу да двух знакамітых галоў Марадоны. Імя пакупніка не называецца.
Пасля матча мяч трапіў ва ўласнасць да туніскага рэферы Алі Бін Насера, які судзіў матч — і прыняў канчатковае рашэнне, што «падпраўлены» кулаком мяч заляцеў у вароты па правілах.
Сваё рашэнне Насер патлумачыў так: «Тое, што адбылося, я як след не бачыў. Перада мной знаходзіліся два гульцы: [брамнік зборнай Англіі Пітэр] Шылтан і Марадона. Паводле рэкамендацый ФІФА, зробленых да чэмпіянату, я паглядзеў на бакавога суддзю, каб пацвердзіць, ці быў гол забіты па правілах. Суддзя пабег да сярэдняй лініі, паказаўшы такім чынам, што гол быў сапраўды забіты».
Цяпер Бін Насер прадаў знакаміты мяч. Перад аўкцыёнам рэферы выказаў надзею, што новы ўладальнік выставіць яго на ўсеагульны агляд.
Сёлета ў маі футболка, у якой Марадона гуляў падчас чвэрцьфіналу са зборнай Англіі, сышла з аўкцыёна за 9,3 млн даляраў. Такім чынам быў пастаўлены новы рэкорд продажаў спартыўных рэліквій на аўкцыёнах.