Праўладныя прапагандысты павяліся на фэйк пра Пушкіна ад гомельскага правакатара
Раніцай 11 лістапада ўлады ўкраінскага Жытоміра знялі з пастамента бюст Пушкіна, што стаяў у гэтым горадзе, і перавезлі яго ў музей. Відэа з працэсам дэмантажу распаўсюдзілі ўкраінскія СМІ. Расійскія і лукашэнкаўскія СМІ неўзабаве паведамілі пра тое, што падчас дэмантажу загінуў чалавек. Але аказалася, што гэтыя чуткі ў інфармацыйную прастору свядома закінуў гамяльчук, які на гэтым спецыялізуецца, піша «Флагшток».
14.11.2022 / 19:52
Інфармацыя пра тое, што бюст Пушкіна пры падзенні забіў жыхара Жытоміра, на другі дзень пайшла па расійскіх СМІ, 13 лістапада пра «здарэнне» расказаў і Рыгор Азаронак на СТБ.
Але ў той жа дзень у каментарах да свайго ютуб-канала жыхар Гомеля Яўген Катляроў прызнаўся, што гэта ён стварыў ды распаўсюдзіў гэты фэйк: «Дык яны ў мяне навіну скралі, дакладней праз мяне».
Яўген Катляроў. Фота з асабістай старонкі ў фэйсбуку
Раней гамяльчук Катляроў неаднаразова дасылаў ілжывую інфармацыю ў незалежныя СМІ, а цяпер усё часцей закідае фэйкі і праўладным актывістам — сваім канкурэнтам.