Расія вывозіць з Беларусі ракеты?
За апошнія два дні ў Мачулішчы з РФ зафіксавана 8 прылётаў Іл-76. Пра тое, з чым могуць быць звязаны іх прылёты ў Беларусь, піша «Беларускі Гаюн».
13.11.2022 / 13:24
За два дні было па 2 рэйсы на 4 барты з рэгістрацыйнымі нумарамі: RF-76605, RA-76767, RA-78789 і RF-76731.
11 лістапада самалёты знаходзіліся на аэрадроме 3,5—4,5 гадзіны, што вельмі доўга для разгрузкі. 12 лістапада яшчэ даўжэй — 5,5—6,5 гадзіны.
У «Гаюна» ёсць тры версіі, навошта Ілы прылятаюць у Беларусь:
1. Завоз новых ракет і/або амуніцыі ў РБ;
2. Вываз ракет і/або амуніцыі з РБ у РФ;
3. Адначасовы завоз і вываз розных тыпаў ўзбраення.
«Гаюн» лічыць прыярытэтнай другую версію і тлумачыць, што яна адзіная, у якой ёсць шэраг ускосных пацверджанняў.
Па-першае, гэта доўгі час знаходжання на аэрадроме.
Па-другое, 9 і 10 лістапада, якраз перад пачаткам прылётаў Іл-76, у напрамку аэрадрома «Мачулішчы» былі зафіксаваныя мінімум 16 тралаў з кантэйнерамі для ракет пад ЗРК С-300/400 (па 4 ракетныя кантэйнеры на кожным) — мінімум 64 ракеты.
Што ж тычыцца версій 1 і 3 — то ў іх няма пакуль ніякіх пацверджанняў. Вывазу ракет або чагосьці іншага з тэрыторыі аэрадрома, пасля магчымай разгрузкі з Іл-76, не зафіксавана. Гэта значыць, самая нерэальная версія на гэты момант — «проста завоз ракет у РБ», а для пацверджання думкі пра адначасовы завоз і вываз рознай зброі пакуль недастаткова звестак.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Мінабароны
Куды вывозяць ракеты?
— аэрадром «Мілерава» (Растоўская вобласць) — 4 рэйсы;
— аэрадром «Растоў-на-Доне-Цэнтральны» (Растоўская вобласць) — 2;
— аэрадром «Чкалаўскі» (Маскоўская вобласць) — 1;
— аэрадром «Сешча» (Бранская вобласць) — 1.
Калі здагадка пацвердзіцца, то ідзе перавозка ракет у Растоўскую вобласць Расіі. Гэта значыць — забеспячэнне ракетамі групоўкі на Луганскім і Данецкім кірунку.