Старыя драўляныя дамы ў гарадах. Вядома, што з імі робяць у Беларусі. А вось што зрабілі ў Таліне

Ці варта захоўваць гістарычны рабочы пасёлак пачатку XX ст. з паўразбураных драўляных дамоў? Калі б гэтае пытанне задалі нашым чыноўнікам, то адказ быў бы адназначны: аварыйныя будынкі, тыпавы праект, каштоўнасці не ўяўляе, неадкладны знос і ўзвядзенне 16-павярховых слупоў па мясцовым грамадзянпраекце, піша тэлеграм-канал «Спадчына».

12.11.2022 / 21:01

Але дзякуй богу, што гэта прыгарад Таліна — так званыя Копліскія лініі (Kopli liinid) на беразе Фінскага заліва. Пытанне захаваць ці знесці было вырашана кампрамісна: палову пабудоў адрэстаўравалі, а на месцы зусім лядашчых — узвялі сучасныя будынкі ў гістарычных формах і маштабе, што захоўвае цэласнасць успрымання рабочага пасёлка.

Старая забудова ў Таліне. Усе фота: spadczyna / Telegram

Ніякіх табе максімальна выгадных грыбоў пасярод старой забудовы.

У спрадвечна драўлянай Беларусі — цяпер свой шлях абсалютнага адтаргнення дрэва як будаўнічага матэрыялу. Відаць, праз невыкараняльны комплекс калгасніка, які да таго ж падтрымліваецца спрыяннем любым планам забудоўшчыкаў на ўсіх узроўнях, без уліку асаблівасцяў кожнай тэрыторыі, што адводзіцца пад будаўніцтва.

Nashaniva.com