Інжыр — сапраўдны суперфуд і прыродная крыніца вітамінаў. Сем прычын яго есці
У Бібліі смакоўніца — а гэта і ёсць усім вядомы інжыр — згадваецца шматкроць. Фігавае дрэва ўшаноўваецца на Усходзе як свяшчэннае. Такая ўвага да расліны невыпадковая: яшчэ тысячагоддзі таму старажытныя лекары ацанілі гаючыя ўласцівасці інжыру. Чым жа ён карысны? «Алеся» даведалася для вас пра сем якасцяў трапічнага плода, якія дапамогуць яго палюбіць.
12.11.2022 / 12:53
Інжыр — сапраўдны суперфуд, унікальная прыродная крыніца вітамінаў і мінералаў. Прычым карыснымі з’яўляюцца як свежыя, так і сушаныя плады. У іх ёсць вітаміны С, А, групы В (у тым ліку фоліевая кіслата), жалеза, кальцый, калій, фосфар, набор амінакіслот. Гэтым багатым складам і вызначаюцца карысныя ўласцівасці інжыру.
— Інжыр змагаецца з «дрэнным» халестэрынам, таму ўжыванне трапічнага плода дапаможа ў прафілактыцы атэрасклерозу. Калій, якім багатая вінная ягада, неабходны для здароўя сардэчнай мышцы. Дактары рэкамендуюць інжыр тым, хто мае праблемы з сэрцам і сасудамі.
— Рэгулярнае ўжыванне экзатычнага суперфуду — выдатная прафілактыка тромбаўтварэння. Дыетолагі вылучаюць інжыр сярод прадуктаў, карысных пры варыкозе.
— Дзякуючы павышанаму ўтрыманню клятчаткі, вінная ягада спрыяе змаганню з лішняй вагой, таму інжыр уключаюць у «антытлушчавыя» дыеты.
— Эфектыўнасць інжыру для лячэння прастудных захворванняў не ніжэйшая, чым у шыпшынніка і маліны. Трапічныя плады маюць супрацьзапаленчыя, адхарквальныя і патагонныя ўласцівасці. Палягчаюць цячэнне бранхіту і іншых хвароб дыхальных шляхоў, а вітамін С у іх складзе ўмацоўвае імунітэт і паскарае вылечванне.
— Інжыр дадасць вам сіл у змаганні з дэпрэсіяй і бяссонніцай. Апрача вітамінаў групы В, у ім утрымліваюцца магній і калій, якія паляпшаюць настрой. Да таго ж у інжыры ёсць поліненасычаныя тлустыя кіслоты — яны спрыяюць умацаванню нервовай сістэмы.
— Кальцый у складзе прадукту — добрая падтрымка для касцей, апорна-рухальнага апарату.
— Інжыр багаты жалезам, яго варта ўключыць у рацыён пры анеміі. Па гэтай прычыне жанчынам падчас «крытычных дзён» карысна есці вінную ягаду. Прадстаўніцам прыгожай паловы суперфуд, багаты на вітамін Е, дапаможа захаваць маладосць — умацуе валасы і пазногці, зробіць скуру гладкай.
Акрамя пералічанага, інжыр добра чысціць ныркі. Ён багаты клятчаткай, якая «вымятае» таксіны з кішэчніка, што паспрыяе ў прафілактыцы злаякасных новаўтварэнняў.
Вінная ягада з’яўляецца прыродным афрадызіякам — на Усходзе даўно заўважылі, што плады смакоўніцы прыўносяць новыя фарбы ў шлюбнае жыццё.
Дыетолагі не рэкамендуюць ужываць зашмат інжыру — дастаткова 3-4 штукі ў суткі. Пры гэтым варта памятаць, што ў свежым выглядзе інжыр у нашых шыротах сустракаецца нячаста (далікатная ягада не любіць транспарціроўкі), а сушаны плод у пяць разоў больш каларыйны, чым свежы.
Як і любы суперфуд, інжыр карысны не ўсім. Дыетолагі не рэкамендуюць ужываць яго пры наступных захворваннях:
— падагра;
— цукровы дыябет;
— запаленчыя захворванні страўнікава-кішачнага тракта.