Як вазочнік Аўдзевіч выпрабоўваў сваю дзяўчыну Канарамі і зрабіў ёй прапанову ў Парыжы
Самы вядомы вазочнік Беларусі Саша Аўдзевіч у 26 гадоў разбіўся на спартыўным байку і з таго часу не можа хадзіць. Але гэта не перашкодзіла яму арганізаваць свой бізнэс, ладзіць падарожжы па свеце на ровары, зрабіць прапанову прыгожай дзяўчыне і пачуць у адказ «так». Гісторыю свайго кахання Саша распавёў у «Току».
11.11.2022 / 22:01
Саша Аўдзевіч. Скрын відэа
Як пазнаёміліся
Саша распавядае, што для праекта «Інклюзіўны барыста» яму патрэбны быў дызайнер, каб стварыць вялікі банер. Гэтым дызайнерам стала Таццяна.
«Я патэлефанаваў Тані, і нешта мы так разгаварыліся. Выявілася, што яна з Віцебска, працуе ў Мінску. Яна дапамагла гэты банер зрабіць, я яе нават не бачыў яшчэ тады».
А пасля неяк Саша прыехаў у галерэю «Ў» на вечарыну і там упершыню ўбачыў Таццяну. Потым яны пайшлі «караоке паспявалі, патусілі». І так пасябравалі.
Калі Таццяна прыязджала ў Мінск, яна спынялася ў сяброўкі. І аднойчы Саша прапанаваў спыніцца ў яго.
«Ну і тады я паклаў руку ёй на калена, і яна не адштурхнула. Вось пасля гэтага мы як сышліся, так і не расставаліся».
Няўтульныя Канары
Падчас нядаўняга падарожжа Саша з Таццянай завязлі на канарскім Тэнерыфе. Спачатку жылі ў гатэлі, але потым грошы скончыліся, і прыйшлося перасяліцца ў палатку. У Беларусь яны вярнуцца не маглі. «Я ўжо падарыў кафэ сваё, я ўжо паслаў усіх, каго хацеў паслаць, мне было не прыкольна прыехаць нейкай сакральнай ахвярай», — кажа Аўдзевіч.
Саша з захапленнем распавядае, як мужна трымалася яго дзяўчына.
«Уяві сітуацыю, вы жывяце каля гары, пячоры там нейкія, усюды пясок, маленькія хмызнякі. Стаіць ваша звычайная палатка. Дзьме проста пясчаны вецер, усё адпаведна ў пыле. Ты маладая дзяўчына, ты жывеш з вазочнікам, якому трэба пайсці зрабіць якую-небудзь катэтарызацыю ці схадзіць у туалет. Вы купілі нейкі біятуалет, які трэба выносіць. Ты прачынаешся і адразу трэба ўсё чысціць, таму што ўсё ў гэтым пыле.
Спіце вы на матрацы, які знайшлі на сметніцы. І на нейкай прасціне, якую знаёмыя прынеслі.
І гэта не адзін дзень, не два, гэта месяцы».
Саша кажа, што Таццяна — чалавек з вышэйшай адукацыяй, педагог, яна працавала ў Полацкім універсітэце, выкладала архітэктуру, яна магла жыць «нармальна».
«А ў мяне яшчэ свае нейкія перажыванні — атрымаецца ў нас, не атрымаецца, арэлі свае, праблемы, куды вяртацца, віза скончылася. Было цяжка. Я разумеў, як наогул павінна жыць дзяўчына, я сябе вінаваціў, што мы туды прыехалі», — распавядае Саша.
Але першапачаткова ўсё гучала цудоўна — «вой, мы паедзем на востраў, там цёпла, зімой у акіяне будзем плаваць».
Але потым ужо было не прыкольна. «Таму Таццяне Уладзіміраўне вялікі дзякуй за тое, што яна вытрымала», — кажа Саша, які часам называе Таццяну Уладзіміраўнай, бо так «утульна і прыемна», «быццам ужо сто гадоў разам пражылі».
Але пры тым ім не было сумна, яны хадзілі па барах, на тусоўкі. Пераапраналіся ў палатцы і тусілі з моладдзю з розных краін.
«Уяві, у якім-небудзь ірландскім пабе тусуюцца мажоры з Англіі, з Фінляндыі, немцы — рэальна проста бамонд. І мы пасля гэтага, ну ўсё, мы дадому цяпер. «А куды? Давайце мы вас падвязём». Нас падвозяць да палаткі ці не на ролс-ройсе. «А дзе ваш гатэль?» Мы кажам — вось тут. Гэтыя чувакі назаўтра прыйдуць, прынясуць піва. Мы маглі там нармальна для «Нэтфлікс» здымаць».
Прапанова
Саша зрабіў Таццяне прапанову ў Парыжы. Перад гэтым ён сур'ёзна хварэў, ляжаў у бальніцы. «Я падумаў, можа, я далей не выжыву», — распавядае ён.
Парыж цалкам падыходзіў для такой падзеі, як прапанова рукі і сэрца. «Падумаў, тут месца такое — запомніцца», — жартуе Саша.
У Парыжы набыў нявесце пярсцёнак, але памыліўся з памерам. Купіў завялікі, бо арыентаваўся на свой мезенец.
«А як даведацца памер? Ноччу нітачкай памераць незаўважна? Як гэта зрабіць, каб не даведалася яна? Я не разумею, як хлопцы спраўляюцца, адгадваючы памер», — абураецца ён.
Цяпер пара спынілася ў Варшаве. Саша хоча адкрыць вялікую кавярню, дзе будуць працаваць людзі з інваліднасцю, і развіваць бізнэс.