У вёсцы — ведзьма. Рэпетытарка з'ехала з Мінска ў вёску і не шкадуе

У Валожынскім раёне жыве вядомая рэпетытарка Ева Гілевіч, якая з’ехала жыць з Мінска ў глухую вёску, дзе яе лічаць ведзьмай, набыла сабе 2 коней і поні (3 кані!) і атрымлівае асалоду ад такога жыцця. Natatnik паразмаўляў з Евай пра змены ў яе жыцці.

11.11.2022 / 12:54

— Адкуль у цябе з’явілася думка з’ехаць з горада ў вёску?

— Раней я жыла ў Мінску, а сама я з Барысава. У сталіцы я вучылася, здымала жыллё і працавала. У пэўны момант у мяне паўстала жыллёвае пытанне. У Мінску я сабе не магу дазволіць жыллё, ды і ў прынцыпе гарадская кватэра — гэта надта вялікая сума. Акрамя выпадку, калі яна дасталася ад сваякоў. Каб з нуля набыць кватэру ў сталіцы, трэба браць крэдыты, уладкавацца дальнабоем ці прадаць нырку [смяецца]. Мне вельмі хацелася сваё жыллё. Пры гэтым я не хацела жыць у кватэры, бо мне там мала прасторы. Я проста губляюся і вельмі сумую ў гарадскіх мурашніках. Можа, калі б мне дасталася жыллё ў Мінску бясплатна, то я б там і жыла, а пасля проста дакупіла б лецішча.

— Ці доўга ты выбірала дом у вёсцы?

— На агляд будучага дома я ездзіла з сябрамі, бо тады зусім не разбіралася ў тым, як выбіраць дом. Я проста глядзела на птушак і прыроду. Тады я не разумела, наколькі дом павінен узімку трымаць цеплыню, напрыклад. Я адразу вырашыла не шукаць дом у Мінскім раёне, таксама не глядзела ў Барысаўскім кірунку, паколькі там знаходзяцца бацькоўскі дом і кватэра. Урэшце пачала шукаць будучы дом бліжэй да Вільні і Гродна.

— Ці шмат было працы ў доме пасля пераезду?

— Так! І вельмі добра, што я спачатку гэтага не разумела. Знаёмыя круцілі каля скроні пальцам і казалі, што я не ведаю, на што падпісваюся. А я ім у адказ казала, што яны дурні і не разумеюць, што ўсе праблемы на раз-два вырашаюцца. Мусіць, у кожнага ў жыцці былі моманты, калі мазгі не працуюць, а ёсць толькі эмоцыі. Калі да ўсяго падыходзіць занадта рацыянальна, то можна ніколі не зрабіць тое, што хацеў.

— Чаму ты вырашыла набыць коней?

— Калі чалавек пераязджае за горад, у яго адкрываюцца нейкія чакры. Вось ты можаш пайсці і набыць бульбу ў краме, але пачынаеш сам вырошчваць бульбу, бо сэнс у працэсе. Хтосьці заводзіць пчол, хтосьці вырошчвае паляны з лаванды.

Я вялікую частку свайго жыцця суісную з канямі — займалася з інструктарамі, у маіх сяброў былі коні. Тут тое ж самае, як і з домам, — у нейкі час табе пачынае хацецца мець свае сцены. І з канямі так жа — ты хочаш мець істоту, якая будзе з табой увесь час, а не ў пэўныя гадзіны і па выхадных. А дзе адзін конь, там і тры.

З канямі, вядома ж, больш клопатаў, чым з домам. Хату можна замкнуць і з’ехаць. Дом не просіць есці, пачасаць ці папесціць яго. Коні — як малыя дзеці, якія ніколі не вырастуць, але вы яшчэ і не можаце аддаць іх бабулям і дзядулям.

— Ці не шкадуеш, што цяпер ты не можаш кудысьці надоўга з’ехаць з дому?

— Часам не хапае такой свабоды, як раней, што можаш у любы час кінуць заплечнік за спіну і кудысьці паехаць. Але, мне здаецца, у любога дарослага чалавека ў маім узросце ёсць прычыны, калі ты не можаш проста ўзяць і з’ехаць кудысьці. Хто па стане здароўя не ездзіць, хто з-за дзетак, хто з-за працы, а ў кагосьці — коні.

Першага каня я мэтанакіравана шукала і набыла праз год пасля пераезду. У першы дзень, як я набыла каня, у мяне ад стрэсу паднялася тэмпература. У каня таксама быў стрэс з-за новага месца. Потым я набыла поні праз два гады пасля пераезду, каб каню была хоць якая кампанія. Ëсць такая ініцыятыва па выратаванні коней у Беларусі КПЛ («Команда помощи лошадям»), яна і дапамагла мне выкупіць гэтага поні. КПЛ дапамагае ратаваць, напрыклад, коней старых ці траўмаваных спартыўных жарабцоў. Бо, на жаль, для такіх жывёлін не існуе паняцця пенсіі, таму ў сталым веку іх нічога добрага часта не чакае — іх проста спісваюць на мясакамбінат.

Мой поні раней жыў у не вельмі добрага гаспадара, які яго не даглядаў належным чынам. І аднаго разу поні ўцёк ад яго, ёсць нават відэа, як конь бяжыць па трасе, а яго даганяюць супрацоўнікі МНС. Гэта гісторыя стала папулярнай у інтэрнэце, і я вырашыла, што трэба ратаваць каня, бо рана ці позна гэта можа скончыцца кепска.

Мы з КПЛ знайшлі гаспадара поні і прапанавалі яго выкупіць. Гаспадар жа спачатку не пагаджаўся на здзелку, бо меў бізнэс-ідэю — хацеў выкарыстоўваць каня для пракату ў горадзе. Але ўрэшце з гаспадаром мы дамовіліся па кошце, і я прыехала глядзець поні. Спачатку, шчыра кажучы, конь мне не спадабаўся, бо быў нейкі дзікаваты. Але я ўсё ж выкупіла яго і вырашыла так: калі не пасябруе з маім канём, то тады буду шукаць яму новыя добрыя рукі.

Першыя дні, як прывезлі поні да мяне, ён паматаў усім нервы. Поні хоць і малы, але, як кажуць, «хадзіў на галаве». Пазней, калі конь зразумеў, што яго добра кормяць, чухаюць і любяць, то паспакайнеў. Коні пасябраваліся без аніякіх боек. У 2020 годзе, калі была эпідэмія каранавірусу, я набыла кабылу. У мяне тады быў вялікі стрэс. Мне здавалася, што мы ўсе памром і што жыццё канчаецца. У тым годзе я пачала працаваць аддалена, мала бачылася са знаёмымі і сябрамі. Але ў мяне была мара завесці кабылу. Я вырашыла — паміраць, дык хоць спраўдзіўшы мару. Таму я пачала зноў праглядаць аб’явы і знайшла кабылу ў спартсменкі, якая прадавала жывёлу ў сувязі з пераездам у іншую краіну. Я прыехала глядзець кабылку, стан у яе быў добры. Было заўважна, што жывёлу добра даглядалі.

 — Наколькі дорага ўтрымліваць коней?

— Усё залежыць ад гаспадара. Ëсць, так бы мовіць, варыянт эканом і люкс. У мяне, да прыкладу, свая стайня і свой дом, таму для мяне гэта адносна невялікія грошы. Асноўныя выдаткі: подсціл з апілак, сена, авёс, зімовыя і летнія гунькі ды маскі. А яшчэ — кавалі, якія даглядаюць капыты. У суме гэта максімум тысяча долараў на год. Іншая справа, калі каня ўтрымліваюць на стайні ці пастоі. Такое арэнднае жытло для каня каштуе ад 300 долараў на месяц.

— Як да цябе ставяцца людзі ў вёсцы?

— Некаторыя людзі лічаць мяне ведзьмай праз тое, што я з горада з’ехала ў вёску, яшчэ і коней завяла. У людзей тут зусім іншае стаўленне да жыцця. Але з большага стаўленне адэкватнае, бо я ж дапамагаю ў некаторых справах у вёсцы.

Напрыклад, я займалася тым, каб тут у нас усталявалі сметніцу і прыязджала аўталаўка. Я таксама бясплатна падвожу людзей у горад і дзялюся конскім гноем. Грошы ніколі не бяру, а калі нехта хоча аддзячыць, то прыносіць улетку гародніну і садавіну. Таму я добрая ведзьма.

— Звычайна, калі ў вёсцы ёсць конь, то людзі просяць паараць агарод. Ці прасілі ў цябе коней для гэтага?

— Так, прасілі некалькі разоў. Але я адразу катэгарычна адмовіла, таму болей не пыталіся пра гэта. У мяне коні араць не ўмеюць, таму я кажу суседзям: «Калі вы хочаце, каб конь вас забіў, то бярыце». Бо коні мусяць умець араць, а мае — верхавыя. Гэта тое ж самае, як узяць кабрыялет і вазіць у ім грузы. Я не ведаю, ці зразумелі гэта вясковыя, але больш коней не прасілі ў мяне. Шмат хто пытаўся, ці можна пакатацца на конях. Але я не дазваляю на іх катацца, хіба што магу пакатаць малых дзетак на поні. Каб катаць людзей, конь таксама павінен прывыкнуць, і займацца гэтым жывёла мусіць пастаянна. А мае коні — пешчаныя, могуць і скінуць чалавека. Але сама на конях я езджу. Акрамя поні, бо для яго я завялікая.

— А як ты выбіраеш, на якім кані ездзіць?

— Я стараюся чаргаваць, каб абодва кані хадзілі на прагулку. Калі дазваляе надвор’е, то два-тры разы на тыдзень катаюся. Магу з’ездзіць да сяброў у суседнюю вёску, але ненадоўга. У мяне не такія коні, што іх магчыма прывязаць да плота, каб яны чакалі. Мае коні хутчэй адарвуць плот і пабягуць дахаты [смяецца]. Таму да сяброў я звычайна езджу на ровары ці машыне, а з канямі на прагулку ходзім па палях ці ў пушчу.

— Ходзіце ці ўсё ж хутка ездзіце?

— Па-рознаму бывае. Гэта ж як з матацыкламі: некаторыя баяцца ці не ўмеюць хутка ездзіць, а іншыя — ганяюць. Я даўно ўжо езджу, мяне не пужае хуткасць. Я хачу патлумачыць яшчэ, што я ўжо вельмі даўно займаюся з канямі і мэтанакіравана ішла да таго, каб займець сваіх уласных жывёлін.

— Ты ўжо 6 гадоў жывеш тут у вёсцы. Ты адразу пачала жыць у гэтым доме?

— Я пачала тут жыць амаль адразу, як набыла хату. Гэта быў май, і было адносна цёпла. Калодзежу ў мяне не было, таму хадзіла часам мыцца на рэчку ці да суседкі. Самыя важныя работы па рамонце я паспела зрабіць да зімы. Дом насамрэч быў у добрым стане, таму можна было заязджаць жыць адразу. Цэлыя добрыя вокны, адна рабочая печка, з даху не капала. Можна было паставіць раскладушку і жыць.

— А праз які час ты зразумела, што зрабіла ўвесь рамонт, і цяпер дом цябе цалкам задавальняе?

— Трэба было плітачку пакласці, сцены абадраць і пафарбаваць, пачысціць вокны і шкельцы на верандзе. Апошняе, дарэчы, — пякельная справа. Але я ўсе ачысціла падчас летняга адпачынку. У першыя паўгода было зроблена галоўнае — праведзеная праводка, парамантаваная другая печка, зроблена вада, каналізацыя і душ. Калодзеж пракапалі. Пазней ужо не было нейкага дэдлайну. Проста ў спакойным рэжыме даводзілася ўсё да розуму.

— Ці было складана знайсці агульную мову з вяскоўцамі? Ці было сумна ў вёсцы пасля Мінска?

— З людзьмі знаёмілася паступова, калі былі нейкія патрэбы. Не скажу, што з усімі я блізка сябрую. Але мы ўсе суседзі, разам вырашаем нейкія побытавыя справы. Недалёка тут жывуць і мае сябры ў суседняй вёсцы.

А вось сумна мне ніколі не было. Я мінімум 4 разы на тыдзень езджу на працу, дзе ў мяне каля 100 вучняў. Там мне ўдосталь хапае камунікацыі. Да мяне часта прыязджаюць і сябры. Часам прыязджаюць турысты, паколькі мая хата зарэгістраваная як аграсядзіба. І з усімі трэба ж пагаманіць. Таму ў мяне ў доме ёсць мансарда, каб было куды збегчы ад камунікацыі [смяецца].

Тут у вёсцы значна больш асабістай прасторы, чым у горадзе. Я хоць і жыла ў горадзе раней, але зараз не ўяўляю, як туды вярнуцца. У горадзе мінімум свайго. Ты ўвесь час натыкаешся на сценку, на суседа, на іншых людзей… І нічога твайго. А тут, у вёсцы, усё тваё: пушча, зубры, яблыкі, сад, падворак. Гэта іншая якасць жыцця. Аднак у вёсцы жыць складаней, чым у горадзе. Я заўсёды кажу людзям: «Добра падумайце спачатку, не рабіце, як я». У вёсцы шмат адказнасці. Калі няма святла, трэба турбаваць мясцовых, каб яны ўключылі яго зноў. Тут ты не чакаеш, як у горадзе, што нехта за цябе штосьці зробіць.

 — Але ці ёсць асабіста для цябе мінусы такога пераезду?

— Моцна не хапае ванны. Канешне, у мяне ёсць душ, але хочацца ванну. Але я думаю калісьці зрабіць лазню і там паставіць сабе невялічкую ванну.

— Акрамя коней у цябе ёсць два каты, тры сабакі…

— Я спадзяюся, гэта часова. Я не змагла прайсці міма выкінутых у лесе шчанюкоў. Зараз я шукаю ім новы дом. Зраблю бясплатную дастаўку па Беларусі ўнікальных пушчанскіх шчанюкоў, выкармленых на казіным малацэ. Таксама да мяне прыбілася пяшчотная котка. Я звазіла яе да ветэрынара, прывяла ў парадак і зараз таксама шукаю ёй дом, бо я ўжо і так маю 2 катоў.

Так атрымліваецца, што жывёлы самі мяне знаходзяць. У мяне няма маніі дапамагчы ўсім. Але, калі да мяне нехта прыбіваецца, я лічу сваім абавязкам ім дапамагчы. Мае сябры жартаўліва пытаюць, калі ж я зубра ўжо завяду… А я кажу, што ўжо і так маю зуброў, проста яны на самавыпасе. Тут побач статак ходзіць.

— Як часта можна тут пабачыць зубра?

— У зуброў ёсць фішка — яны тут ходзяць толькі ў халодны перыяд года. Недзе з восені па раннюю вясну. Я магу глядзець на іх праз акно і піць каву. Мясцовыя сказалі, што раней тут зубры не хадзілі. Так стала з маім прыездам. Таму ўсе і думаюць, што я ведзьма.

— А ці дзеліцеся вы, аднавяскоўцы, паміж сабою нечым?

— Ну вось нядаўна мне прынеслі кабачок. У нас увогуле тут натуральны абмен і ўзаемадапамога. Зімой, напрыклад, дапамагаем адно аднаму чысціць дарогу, бо пакуль дачакаешся той трактар калгасны. Таму просіш суседа, у якога ёсць трактар, ён прыязджае і чысціць дарогі. Было неяк і такое, што да мяне прыходзілі зусім незнаёмыя людзі з суседняй вёскі і прасілі, каб я дапамагла ім капаць бульбу. Ну вось тады я не дапамагла, бо ўсё ж павінны быць нейкія берагі. Але пасільную дапамогу, вядома ж, аказваю. Астатнія адказваюць тым жа самым.

— Па тваім аповедзе гучыць, што ты тут жывеш неверагоднае жыццё.

— Але гэта жыццё не для ўсіх. Калі вы гарадскі чалавек, вам патрэбныя батарэі, кавярня на першым паверсе і праца праз дарогу, то не рабіце так, як я. Вы толькі расчаруецеся. Але калі ў вас сапраўды ёсць мара і вы гатовыя ўзяць за яе адказнасць, то абавязкова паспрабуйце. Інакш — будзеце шкадаваць.

— А ў цябе ёсць сябры, якія захацелі паўтарыць твой досвед?

— Так, многа людзей. Некаторыя не на заўсёды, але, прынамсі, на цёплы перыяд з’ехалі ў вёску. Мая гісторыя стала штуршком для некаторых, хто раздумваў. А паглядзеўшы на мяне — дзеўку, якой на момант пераезду было 26 гадоў — натхніліся. Я рада, калі мая гісторыя кагосьці натхніла. Мой дэвіз: лепш зрабіць і шкадаваць, чым не зрабіць і шкадаваць.

— І ў цябе ні разу не было шкадавання за гэтыя 6 гадоў?

— У мяне былі розныя перыяды. Часам было цяжка фізічна і маральна, але ніколі не было шкадавання. Чаго і вам жадаю.

Калі нехта захоча забраць шчанюкоў, пішыце ў інстаграм Еве.

Nashaniva.com