Новымі ўласнікамі сеткі Synevo ў Беларусі стануць рускія 

Як стала вядома «Нашай Ніве», дыягнастычныя лабараторыі Synevo ў Беларусі выкупляе расійская сетка Helix. 

10.11.2022 / 14:29

Фота: «Сінэва»

Былы ўладальнік сеткі — шведская кампанія Medicover — сыходзіць з нашага рынку. 

Чытайце таксама: Synevo сыходзіць з Беларусі

Helix — кампанія каранямі з Санкт-Пецярбургу, якая «стрэльнула» пасля пачатку пандэміі і сёлета актыўна пашыраецца ў Расіі: мясцовыя СМІ паведамлялі аб 147 новых лабараторных цэнтрах толькі за 9 месяцаў бягучага года. 

Цяпер, выглядае, да актываў у Іашкар-Але, Ханты-Мансійску і іншых дададуцца і лабараторыі ў беларускіх гарадах. Суразмоўцы, знаёмыя з сітуацыяй, паведамляюць «Нашай Ніве», што наўрад ці нешта ўтрымае шведскіх уласнікаў Synevo ад продажу.

«Шведы прадаюць у рамках зразумелай палітыкі адмежавання ад таксічных рынкаў. Асабліва жадаючых у Беларусі нешта купляць таксама няма, гэта збольшага рускія. Так і атрымалася», — сказаў «Нашай Ніве» дасведчаны суразмоўца. 

Заснавальнік «Хелікса» Юрый Андрэйчук. Фота: www.kommersant.ru

Меркаваная сума здзелкі знаходзіцца недзе каля лічбы ў 10 мільёнаў даляраў. 

Synevo — самая буйная на сёння дыягнастычная сетка Беларусі, у якую ўваходзяць лабараторыя і каля 60 пунктаў здачы аналізаў у 25 гарадах краіны. У ёй працуе больш за 500 чалавек. Першы дыягнастычны цэнтр адкрыўся ў Мінску ў 2009 годзе.

Уладальнікам сеткі і брэнда зʼяўляецца шведскі холдынг Medicover, якому належаць медцэнтры і лабараторыі ў Польшчы, Нямеччыне, Румыніі, Украіне, Грузіі, Малдове, Сербіі і Балгарыі. Заснавальнікам Medicover зʼяўляецца Ёнас аф Ёкнік, вядомы беларусам па сваім іншым праекце — Oriflame. Яго наследнікі кантралююць Medicover праз Celox Holding.

Арцём Гарбацэвіч