Пуцін не паедзе на саміт G20 на Балі
Уладзімір Пуцін не паедзе на саміт G20 на Балі ў Інданезіі. Пра гэта паведаміў Reuters у чацвер прадстаўнік урада Інданезіі. Гэту інфармацыю пацвердзілі і ў расійскім пасольстве. Пры гэтым абодва бакі выказалі здагадку, што Пуцін, магчыма, возьме ўдзел у адной з сустрэч у рамках саміта ў рэжыме анлайн.
10.11.2022 / 09:52
Раней агенцтва Bloomberg паведаміла, што Расію на саміце будзе прадстаўляць міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў. Аднак сёння стала вядома, што саміт G20 пройдзе без удзелу расійскай дэлегацыі. Як паведаміла Reuters прэс-сакратар міністра па марскіх справах і інвестыцыях Інданезіі Джодзі Махардзі, Уладзімір Пуцін ад удзелу ў мерапрыемстве адмовіўся, а кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў далучыцца да адной з сустрэч па відэасувязі.
У ліпені на канферэнцыі кіраўнікоў МЗС G20 на Балі міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў апынуўся ў ізаляцыі і пакінуў сустрэчу раней за тэрмін.
Раней улады Інданезіі заявілі, што не адменяць запрашэнне Расіі на саміт, нават калі сутыкнуцца з ціскам з боку іншых краін.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў 3 лістапада, што адмовіцца ад удзелу ў саміце, калі ў ім будзе ўдзельнічаць Уладзімір Пуцін. Аднак 8 лістапада ў Кіеве ўсё ж пацвердзілі, што Зяленскі прыме ўдзел у саміце «у нейкім фармаце» — магчыма, анлайн.