Упершыню ў гісторыі чалавеку пералілі штучную кроў

Брытанскія навукоўцы ўпершыню ў гісторыі пералілі чалавеку штучную кроў. Вырашчаныя ў лабараторыі эрытрацыты атрымалі два здаровыя добраахвотнікі. Клінічныя выпрабаванні тэхналогіі праходзяць у рамках даследчага праекта Restore.

08.11.2022 / 23:21

Скрыншот з відэа

Эрытрацыты вырасцілі з узораў крыві людзей з базы донараў Нацыянальнай службы аховы здароўя Вялікабрытаніі. Спачатку з біяматэрыялу вылучылі ствалавыя клеткі, а затым ужо дыферэнцыявалі іх.

У адрозненне ад звычайных, усе штучныя эрытрацыты маладыя — у сапраўднай крыві донараў ёсць клеткі рознага ўзросту. Добраахвотнікі атрымалі па 5-10 мілілітраў вадкасці з імі — 1-2 чайнай лыжкі.

«Спадзяёмся, што вырашчаныя ў лабараторыі эрытрацыты будуць жыць даўжэй за звычайныя донарскія. Калі наша выпрабаванне, першае такое ў свеце, пройдзе паспяхова, пацыентам, якія цяпер маюць патрэбу ў рэгулярных працяглых пераліваннях крыві, у будучыні спатрэбіцца менш такіх працэдур. Гэта зможа змяніць іх лячэнне», — заявіў вядучы аўтар працы Седрык Гіверт.

Штучныя эрытрацыты можна будзе пераліваць людзям з анеміяй і іншымі захворваннямі крыві, а таксама пацыентам з рэдкімі групамі.

Nashaniva.com