Журналістка Сняжана Інанец пра СІЗА: Гэта дастаткова незвычайна — жыць у замку

Журналістка Сняжана Інанец напісала пазітыўны ліст з Валадаркі. Фрагментамі ліста падзяліліся калегі ў фэйсбуку.

08.11.2022 / 15:45

«У цэлым у мяне ўсё ў парадку: і настрой, і ўмовы побыту. Нават не ўспомню, калі я яшчэ ў жыцці так доўга і якасна лайдачыла.

Шмат чытаю. Яшчэ больш — які жах — ем. Ёсць небяспека выкаціцца адсюль калабком, але я ўсё ж пастараюся да такога не дайсці. З іншага боку, галоўнае — адсюль.

Ходзім на прагулкі, стараемся дыхаць восенню. Ну і сам па сабе старажытны замак XIX стагоддзя — тая яшчэ дзейная асоба. Гэта дастаткова незвычайна — жыць у замку. Яшчэ і разам з мужам. Наступным разам буду фармуляваць жаданні больш асцярожна».

Журналістаў Сняжану Інанец і Аляксандра Лычаўку затрымалі 6 кастрычніка. Пазней стала вядома, што абодвух вінавацяць паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса — «арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Іх вінавацяць ва ўдзеле ў маршах пратэсту.

Nashaniva.com