Фігуранты «справы Ціханоўскага» павінны будуць выплаціць 22 мільёны рублёў кампенсацыі

Па інфармацыі праваабаронцаў, у судовым рашэнні пазначана: «для выплат супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў за дадатковы час на службе падчас паслявыбарчых пратэстаў».

08.11.2022 / 14:22

Раней пра гэты пазоў у сацсетках распавядала Марына Адамовіч:

«Я даведалася, што нашым «падзельнікам» (6 чалавек) прад'явілі чарговы «пазоў» ад ГП, усяго толькі на 22 мільёны (лічба недакладная, са слоў). А за што, ведаеце? За цяжкія працоўныя пазапланавыя высілкі «любіцеляў мастацтва» ў 2020-м. Асаблівая вытанчанасць у тым, што ўсе, без выключэнняў, нашы хлопцы былі арыштаваныя ў маі-чэрвені 2020-га».

Нагадаем, Сяргею Ціханоўскаму прысудзілі 18 гадоў калоніі, Мікалаю Статкевічу — 14 гадоў калоніі, Ігару Лосіку і Уладзіміру Цыгановічу — па 15 гадоў калоніі, Арцёму Сакаву і Дзмітрыю Папову — па 16 гадоў калоніі.

Палітвязняў абвінавацілі ў арганізацыі «масавых беспарадкаў» у Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м годзе.

Nashaniva.com