Нямецкая паліцыя арыштавала 30 карцін з яхты алігарха Усманава. Сярод іх была карціна Марка Шагала

У Гамбургу пры ператрусе ў сховішчы для твораў мастацтва паліцыя канфіскавала 30 карцін (у тым ліку працу Марка Шагала), якія раней знаходзіліся на яхце расійскага бізнэсоўца Алішэра Усманава Dilbar. У сувязі з накладзенымі на яго санкцыямі Усманаў быў абавязаны паведаміць уладам ФРГ пра свае актывы ў краіне, уключаючы гэтыя творы мастацтва, аднак, мяркуючы па ўсім, ён гэтага не зрабіў, адзначае «Настоящее время».

08.11.2022 / 09:44

Яхта Усманава

Паводле звестак газеты, агульны кошт канфіскаваных карцін складае некалькі мільёнаў еўра.

У 2021 годзе 156-метровая яхта класа люкс Dilbar, кошт якой ацэньваецца ў паўмільярда еўра, стала на капітальны рамонт на гамбургскай карабельні Bloom+Voss. У красавіку 2022 года германскія ўлады ўстанавілі, што афіцыйна яе ўласніцай значыцца сястра Алішэра Усманава — Гульбахор Ісмаілава, якая таксама знаходзіцца пад санкцыямі ЕС. З тых часоў яхта была заблакаваная. 22 верасня Dilbar пакінула Гамбург і была пераведзена на карабельню Lemwerder паблізу Брэмена.

Паведамляецца, што пра карціны германскім уладам паведаміў арт-кансультант, які перадаў ім шырокую дакументацыю.

Nashaniva.com