Чаму людзі размаўляюць з хатнімі жывёламі?
Звычка размаўляць з сабакамі, катамі і хамякамі гаворыць пра людзей больш, чым пра іх хатніх жывёл.
08.11.2022 / 14:13
Фота: Vecteezy
Многія ўладальнікі хатніх жывёл часта размаўляюць са сваімі ўлюбёнцамі. Людзі расказваюць ім пра сваю працу ці спяваюць імправізаваныя песні і, вядома, гавораць сваім гадаванцам, што любяць іх. Але чаму мы гэта робім? На старонках The Atlantic адказвае антраполаг з Універсітэта Заходняй Караліны Хал Херцаг.
«Па-першае, — кажа ён, — размаўляць з хатнімі жывёламі абсалютна нармальна. Чалавек з'яўляецца натуральным антрапамарфізатарам — гэта значыць, што мы ад прыроды схільныя [прыпісваць] разнастайныя думкі і значэнні іншым прадметам у нашым жыцці».
Чалавек можа зрабіць гэта практычна з чым хочаш: хтосьці можа адчуваць сябе дрэнна з-за каляровага алоўка, або раззлавацца на тэлефон, які не зараджаецца. Асабліва гэта характэрна для рэчаў, якія здаюцца адушаўлёнымі, напрыклад, жывёл і штучнага інтэлекту. Таму людзі часта думаюць пра хатніх жывёл як пра маленькіх членаў сям'і.
Калі людзі размаўляюць са сваімі хатнімі жывёламі — яны звычайна робяць гэта кароткімі, простымі, граматычна правільнымі сказамі. Людзі рэдка задаюць адкрытыя пытанні і звычайна гавораць больш высокім голасам. Гэта падобна да таго, як размаўляюць з немаўлятамі.
Даследаванне 2008 года паказала два цікавыя феномены. Па-першае, чалавеку, якому не хапае сацыяльнага ўзаемадзеяння, трэба знайсці замену і стварыць «чалавека», з якім можна мець зносіны. Па-другое, чалавек, якому не хапае кантролю, хоча адчуваць сябе ў большай бяспецы ў нявызначаных абставінах, а антрапамарфізм дазваляе яму прадбачыць дзеянні жывёлы.
Так чалавек, у якога мала сяброў або ўвогуле іх няма, будзе ставіцца да гадаванца больш як да сябра-чалавека. Людзі размаўляюць са сваімі гадаванцамі, таму што ім падабаецца верыць, што жывёлы іх разумеюць. Жыць у доме з жывой істотай, розум якой вы не можаце зразумець і чые дзеянні вы не можаце прадбачыць, значыць жыць у стане непрадказальнасці.
МРТ паказала, што сабачы мозг, як і наш, апрацоўваў знаёмыя словы ў левым паўшар'і, а інтанацыю ў правым. Нельга сказаць, што сабакі менавіта разумеюць мову, але яны прынамсі могуць яе распазнаваць. Прынамсі некаторыя з іх.