Сілавікі завалодалі акаўнтамі гурта Tor Band і выдалілі ўсе кліпы з мільёнамі праглядаў
На афіцыйным ютуб-канале папулярнага рагачоўскага гурта Tor Band зніклі ўсе відэакліпы, якія музыкі размяшчалі цягам некалькіх гадоў, заўважыў гомельскі сайт «Штодзень».
04.11.2022 / 23:57
Агулам прагляды відэа гуртоў перавысілі 5 мільёнаў разоў. Імаверна, да ютуб-канала атрымалі доступ сілавікі, якія некалькі дзён таму затрымалі музыкаў Яўгена Бурло і Дзмітрыя Галавача. Прынамсі, так сцвярджаюць знаёмыя музыкаў.
Сёння таксама ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў з’явілася інфармацыя пра тое, што інфармацыйная прадукцыя, сацсеткі і лагатып гурта Tor Band былі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Вось так выглядае на дадзены момант афіцыйны ютуб-канал гурта Tor Band
А вось так яшчэ нядаўна выглядала старонка гурта з мільёнамі праглядаў
Tor Band — аўтары хітоў «Мы — не народзец», «Жыве», «Бацька».