Усяго ў чатырох беларускіх гарадах мужчын больш, чым жанчын
Белстат апублікаваў статыстычны агляд да Сусветнага дня мужчын, які адзначаецца ў першую суботу лістапада. Па звестках статыстыкі, у цэлым па Беларусі на 1000 жанчын прыходзіцца ўсяго 860 мужчын (46,2 % ад агульнай колькасці насельніцтва Беларусі), але ёсць і некалькі гарадоў, дзе мужчын больш, чым жанчын.
03.11.2022 / 19:31
Чатыры «мужчынскія» беларускія гарады — Астравец, Івацэвічы, Шклоў і гарадскі пасёлак Відзы.
Кожны пяты мужчына Беларусі жыве ў Мінску, у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу жывуць 77,4 % беларускіх мужчын, а ў вёсках і аграгарадках — 22,6 %.
Сярэдні ўзрост беларускіх мужчын — 38,2 года, амаль палова з іх працуе (49,5 % занятыя).
Найбольшая доля работнікаў-мужчын у будаўніцтве (86,8 %), транспартнай дзейнасці, складзіраванні, паштовай і кур'ерскай дзейнасці (76,4 %) і ў сельскай, лясной ды рыбнай гаспадарцы (63,7 %).
35,4 % беларускіх мужчын маюць прафесійна-тэхнічную адукацыю, 28,5 % — вышэйшую, 18,7 % — сярэднюю спецыяльную.
Сярэдні ўзрост уступлення беларускага мужчыны ў шлюб па стане на 2021 год — 28,6 года, прытым у сельскіх жыхароў ён на паўгода большы (29 гадоў), чым у гараджан (28,5).