Ціханоўская: Спадзяюся, што ўкраінцы, якія так усхвалялі Лукашэнку, не вярнуцца да наратыву «ў Беларусі вуліцы чыстыя і малако смачнае»

Пра тое, як Украіне не страціць сувязь з народам Беларусі, чаму народ і Лукашэнка — не адно і тое ж, ці сорамна беларусам за тое, што іх рэжым дапамагае Расіі забіваць украінцаў, і чаму прэзідэнт Уладзімір Зяленскі дагэтуль не адказаў, лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская распавяла ў інтэрв'ю «Украінскай праўдзе». Прыводзім вытрымкі.

03.11.2022 / 17:03

 

Усе фота: Святлана Ціханоўская / Facebook

Як вайна змяніла стаўленне да беларусаў

Ведаеце, для мяне гэта было крыху шокам і вялікай нечаканасцю, што стаўленне да беларусаў рэзка змянілася з пачаткам вайны. Мы ж жылі ў сваім свеце, у свеце рэвалюцыі, негатыўнага стаўлення да рэжыму, хацелі гэты рэжым зрынуць, і нам падавалася, што ўкраінцы, найбліжэйшыя суседзі, цалкам разумеюць, што адбываецца.

А потым пачалася вайна, і мы зразумелі, што людзі ва Украіне ведаць не ведаюць пра нашу барацьбу, пра тысячы людзей у турмах, пра тое, што колькасць палітвязняў павялічваецца кожны дзень. Нанова даводзілася адкрываць беларусаў і Беларусь для Украіны. Было вельмі складана, улічваючы эмацыйны фон, улічваючы, што Беларусь стала суагрэсарам у вачах украінцаў. І адразу ўсе беларусы пайшлі пад адзін грабянец. 

Ці ўступіць Лукашэнка афіцыйна ў вайну

Ведаеце, калі кажуць «Афіцыйна Беларусь не ўступіць у вайну», мяне гэта крыху здзіўляе. Бо рэжым Лукашэнкі ўжо афіцыйна ўступіў у гэтую вайну.

Калі мы гаворым пра беларускае войска, я думаю, што вялікая імавернасць уступлення беларускіх войскаў была ўсё ж такі ў лютым, калі Лукашэнка таксама быў упэўнены ў гэтым бліцкрыгу, як і Пуцін, як і Крэмль.

Але ўжо тады было зразумела, што ў беларускім войску няма антыўкраінскіх настрояў. Беларускія салдаты не былі матываваныя ісці ваяваць супраць украінцаў.

Больш за тое, яны выдатна разумелі, што яны не дасведчаныя ў ваенных дзеяннях, яны будуць выкарыстаныя як гарматнае мяса. Лукашэнка ж зразумеў гэтыя настроі ў войску.

Цяпер вельмі малаверагодна, што такі загад можа быць аддадзены. Хаця пад ціскам, вядома, Лукашэнка гэта можа зрабіць.

Але той факт, што ён не адпраўляе войскі, як вы кажаце, афіцыйна, гэта не таму, што ён хоча нечым дапамагчы Украіне, хоча неяк абараніць Украіну няўводам беларускіх войскаў. Ён клапоціцца толькі пра сваё месца, пра сваю ўладу.

Бо для яго гэты загад будзе азначаць, шчыра кажучы, палітычны суіцыд.

І я больш чым упэўнена, калі такі загад будзе аддадзены, беларусы не будуць ваяваць — яны будуць уцякаць, будуць здавацца ў палон адразу, як заклікае кампанія «Хачу жыць». Мы распаўсюджваем гэтую інфармацыю праз нашы сеткі для нашых вайскоўцаў: «Адразу ж звяртайцеся, не ваюйце».

Вы разумееце, што зараз для Расіі важна, каб украінцы ставіліся да беларусаў з такой жа нянавісцю, як і да расіян? Мы не з'яўляемся вашымі ворагамі. Але, вядома, ёсць вялізная імавернасць, што Беларусь можа быць зноў выкарыстана як плацдарм для ваеннай тэхнікі. Тут жа шмат усялякіх тэорый узнікае, што расіян пераапрануць у беларускую форму, каб паказаць, што беларусы ваююць. Бо Пуцін таксама не хоча быць адзін у гэтай вайне.

Мы ж разумеем, яны ствараюць выяву знешняга ворага, ворага ў асобе Украіны, каб беларусы пачалі ставіцца да ўкраінцаў гэтак жа.

А Лукашэнка пры гэтым выглядае як выратавальнік —бачыце, тут у нас Саюзная дзяржава, войскі іх для таго, каб абараняць нашу тэрыторыю. Ён павінен неяк апраўдаць знаходжанне расійскіх войскаў на нашай тэрыторыі.

І зараз вось праходзіць нейкае падабенства ўтоенай мабілізацыі, людзям дасылаюцца позвы, але гэта робіцца вельмі асцярожна, прама пра гэта не гавораць па тэлебачанні, каб не выклікаць хвалю супраціву ў Беларусі.

Ці мае Украіна права адказаць ударам на ўдар з Беларусі

Я разумею, што калі зноў ракеты паляцяць з тэрыторыі Беларусі, ва ўкраінцаў і ва Украіны будзе права атакаваць назад.

Менавіта таму наша задача — прадухіліць уступленне беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны.

Ці магчымая радыкалізацыя ў Беларусі

Цяпер у нашым Аб'яднаным пераходным кабінеце з'явілася такое крыло, як ваенная абарона. Але гэта не гаворыць аб тым, што мы вайной пойдзем на Беларусь і будзем змагацца. У нас таксама няма ні войска, ні зброі — чым ваяваць? Няма ў нас такіх магчымасцяў, улічваючы, што тысячы расійскіх салдат дагэтуль знаходзяцца ў Беларусі, і яны будуць гатовыя абараняць Лукашэнку.

Цяпер шмат мужчын праходзяць ваенную падрыхтоўку, карыстаючыся дружалюбнымі адносінамі паміж суседнімі краінамі. Гэта ўсё стварае стрэс для рэжыму, яны разумеюць, што адбываецца.

І той жа план «Перамога», над якім зараз працуюць сілавікі, якія выйшлі са структур у 20-м годзе, ён таксама не пра гвалт. Ён аб блакіроўцы нейкіх важных стратэгічных аб'ектаў. Але гэта таксама пасыл і для нашага войска, што ў выпадку, калі ўжо будзе аддадзены загад, у вас ужо будзе месца ва Украіне, да каго вы можаце далучыцца, якім чынам вы можаце памяняць бок, накіраваць зброю супраць тых, хто да гэтага часу ў ваенным плане падтрымлівае Лукашэнку.

Таму пакуль, напэўна, рана гаварыць аб тым, якім чынам гэта будзе зроблена ў Беларусі. Наша задача зараз рыхтавацца да гэтага моманту, калі мы адчуем слабасць Лукашэнкі. Ён ужо слабы, але той крытычны момант, каб мы выступілі адзінай сілай з усіх франтоў, яшчэ не надышоў. 

Ці перагарнуў Лукашэнка старонку

У людзей унутры краіны, нягледзячы на тое, што яны запалоханыя, нягледзячы на тое, што кожны дзень людзі баяцца, што да іх дадому прыйдуць з ператрусамі, пакладуць тварам у падлогу, забяруць у турму, будуць шантажаваць сям'ёй, дзецьмі, энергія ўнутры ў людзей захавалася.

Не змог Лукашэнка перавярнуць гэтую старонку гісторыі і павярнуць людзей да сябе.

Ён баіцца праводзіць рэферэндумы, баіцца якіх-небудзь сходаў, выбараў у мясцовыя органы ўлады. Гэта пагражае яму масавым уздымам людзей. Таму я веру ў беларусаў, я бачу, што гэты запал нікуды не знік.

Ці быў кантакт з боку адміністрацыі Зяленскага

Калі мы гаворым аб самым высокім узроўні, аб прэзідэнце, то Украіна займае асцярожную пазіцыю па аносінах з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, таму што ўсё ж вы ў стане вайны.

І любы няправільны крок, як падаецца адміністрацыі Зяленскага, можа выклікаць неабдуманыя крокі з боку Лукашэнкі. Але вайна ж усё роўна скончыцца, яна скончыцца перамогай Украіны.

І зараз, не наладжваючы кантакты з дэмакратычнай Беларуссю, такое меркаванне будзе ў беларусаў, што Украіна будзе гатовая далей супрацоўнічаць з Лукашэнкам, які такі ж агрэсар.

Чаму варта адкласці крыўды

Самае простае — вінаваціць адно аднаго. Я чую беларусаў, у якіх таксама шмат прэтэнзій.

Калі я бачу гэтыя сваркі ў сацсетках, калі беларусы з украінцамі нешта адваёўваюць, я разумею, што гэта праца расійскай прапаганды. Для іх вельмі важна, каб мы пасварыліся, пасварыліся і тады наогул усё будзе выдатна. 

Цяпер не час высвятляць адносіны. Цяпер час супрацоўнічаць, таму што вораг у нас адзін. Вораг у нас — Расійская імперыя, і нам трэба выходзіць з-пад яе ўплыву.

Тое, што адбываецца ва Украіне, непараўнальна з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі. Мы не можам гэта параўноўваць апрыёры. Мы бачылі Бучу, мы бачылі Марыупаль.

Думаеце, нам не балюча і не сорамна за тое, што з тэрыторыі Беларусі атакавалі? Гэтулькі ахвяр было з-за таго, што з тэрыторыі Беларусі ляцяць гэтыя ракеты? Ды сорамна нам, вядома! І мы разумеем, што, магчыма, не даціснулі, не вытрывалі да канца ў 20-м годзе. Можам казаць, што падтрымкі было мала. Але гэта таксама наша віна, і мы адчуваем сябе вінаватымі.

Але на адной віне далёка не заедзеш. Мы павінны навучыцца размаўляць, навучыцца дзяліцца нашым болем. Цяпер самае галоўнае — гэта не падзяліць нашыя нацыі, каб мы не сталі ворагамі адно аднаму. Гэта самае страшнае, што можа здарыцца. Бо для Лукашэнкі гэта будзе свята. Лукашэнка разумее, што калі ён застанецца ва ўладзе, то гэта будзе азначаць поўную ізаляцыю беларусаў. Гэта будуць тысячы кіламетраў пастаяннага страху.

Я вельмі спадзяюся, што ўкраінцы, якія так усхвалялі Лукашэнку ўсе гэтыя гады, таму што не разумелі, што адбываецца, ужо ніколі не вернуцца да наратыву «ў Беларусі вуліцы чыстыя і малако смачнае».

І ўсе ставяць гэта ў заслугу Лукашэнкі. Не ў заслугу беларусаў. Гэта вось Лукашэнка малако ідзе доіць і вуліцы падмятае.

Поўнасцю гутарку чытайце тут. 

Nashaniva.com