Абвінавачаны ў нападзе на Азаронка расказаў пра катаванні пасля затрымання
На судзе над удзельнікамі «Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі» 2 лістапада даў паказанні Дзмітрый Сасноўскі. Яго абвінавачваюць у нападзе на прапагандыста Рыгора Азаронка. Што было на судзе сёння, пераказаў Sputnik.
02.11.2022 / 16:55
Дзмітрый Сасноўскі. Фота sb.by
Ні Азаронак, ні аператыўны супрацоўнік КДБ Аляксей Гардзееў, які быў укаранёны ў АГСБ, у суд сёння не прыйшлі. Аднак былі зачытаныя паказанні Гардзеева.
Вядома, што да ўкаранення ў АГСБ ён тры гады працаваў у КДБ. У яго абавязкі ўваходзіў аператыўны збор інфармацыі, якая стварае пагрозу нацбяспецы, уступленне ў кантакты з асобамі, якія збіраюцца здзейсніць акты тэрарызму, а таксама злачынствы, накіраваныя на захоп улады неканстытуцыйным шляхам.
Як вынікае з паказанняў Гардзеева, ён завёў акаўнты, праз якія пачаў кантактаваць са структурамі, якія нібыта планавалі здзяйсненне тэрактаў у Беларусі. Уступіў у перапіску з кіраўніком АГСБ і заказчыкам тэрактаў Дзянісам Хромавым/Хофманам (Дзісам).
Па яго словах, гаворка ішла пра выбухі на тэрыторыі Бярэзінскага лясгаса, на расійскай вайсковай базе «Вілейка», а таксама здзяйсненне тэракту ў дачыненні да якога-небудзь беларускага тэлежурналіста.
Як вынікае з паказанняў Гардзеева, Хофман паставіў задачу «выкрасці каго-небудзь з беларускіх тэлежурналістаў — Азаронка, Тура або Маркава, вывезці ў лес, прымусіць яго на фоне бчб-сцяга адмовіцца ад падтрымкі Лукашэнкі, потым адрэзаць язык, прыняць меры, каб ён застаўся жывы, зняць усё гэта на відэа і адправіць яго Дзісу».
З паказанняў аператыўніка вынікае, што Дзіс спыніўся на кандыдатуры Азаронка, таму што лічыў, што відэа з Азаронкам, які адракаецца ад сваёй пазіцыі, і з адрэзаным языком стане «трыгерам для грамадства».
Паводле яго слоў, чалавек з нікам «Блэк Джэк» запрасіў 400 даляраў за напад.
Паводле паказанняў аператыўніка, у заплечніку, з якім яны прыехалі да дома Азаронка, былі «маскі, пісталет, патроны, электрашокер, скотч, абцугі — каб трымаць язык».
Аператыўнік заявіў, што тэракт у дачыненні да Азаронка здзейсніць не ўдалося з прычыны таго, што яны былі затрыманыя супрацоўнікамі КДБ, а чалавек з нікам «Блэк Джэк» — гэта Дзмітрый Сасноўскі.
Падчас дачы паказанняў у форме вольнага аповеду Сасноўскі плакаў і заявіў, што ў злачынства ў дачыненні да Азаронка яго ўцягнулі падчас следчага эксперыменту.
Ён таксама заявіў суду, што пасля затрымання каля дома Азаронка да яго «ўжывалі гвалт і катаванні, прымусілі напісаць чыстасардэчнае прызнанне».
Сасноўскі таксама заявіў суду, што не прызнае сябе вінаватым у падрыхтоўцы злачынства ў дачыненні да Азаронка. Але пры гэтым падрабязна распавёў, як яму прапаноўвалі паўдзельнічаць у выкраданні журналіста.
Адказваючы на пытанне пракурора, чаму ён не заявіў у міліцыю аб тым, што ў дачыненні да Азаронка рыхтуецца злачынства, Сасноўскі заявіў, што пабаяўся, што міліцыя пачне яго выкарыстоўваць і адправіць на сустрэчу «з жучкамі».
Сасноўскі катэгарычна адмовіўся ад удзелу ў злачынстве ў дачыненні да Азаронка, пацвердзіўшы, што прапаноўваў сваім змоўшчыкам, каб пацярпелы «сам чыкнуў сабе язык на камеру».
Сасноўскага таксама абвінавачваюць у стварэнні і вядзенні тэлеграм-канала «Гідра», прызнанага экстрэмісцкім. Дзмітрый не прызнаў сябе вінаватым. Ён сказаў, што ў тэлеграм-канале пісаў ілжывыя паведамленні, каб адцягнуць увагу сілавікоў.
Не прызнаў Сасноўскі і абвінавачванняў у незаконным абыходжанні з агнястрэльнай зброяй, а таксама ў тым, што ён распальваў сацыяльную розніцу і варожасць (арт.130).