Галоўчанку не падабаецца школьнае харчаванне: «заведама нясмачныя, аднастайныя, неэстэтычна аформленыя стравы»

Новае пытанне, якім заняўся прэм'ер Раман Галоўчанка — якасць і змест школьнага харчавання. На ягоную думку, гэта акурат тая праблема, якую «варта разгледзець на ўзроўні ўрада». У выніку была праведзена адмысловая нарада.

01.11.2022 / 18:06

Падчас нарады Галоўчанка панаракаў, што «на жаль, нашых дзяцей таксама закранулі негатыўныя з'явы, звязаныя з ростам спажывання хлебабулачных вырабаў, чыпсаў, прысмакаў, салодкіх газаваных напояў, недахоп мікра— і макранутрыентаў, высокае спажыванне цукру, солі і транстлушчаў». Таму ў пачатку 2022 года натуральныя нормы харчавання былі актуалізаваныя: зменшаныя па цукру, солі, кандытарскіх вырабах, затое ў рацыёне стала больш гародніны і садавіны.

Аднак вылезла іншая праблема — якасць школьнага харчавання і яго арганізацыя. Вучням, маўляў,

«нярэдка прапануюцца заведама нясмачныя, аднастайныя, неэстэтычна аформленыя стравы. Дзеці іх проста не ядуць. Адсюль і вялікая колькасць адкідаў пасля школьных сняданкаў і абедаў».

Для вырашэння гэтых пытанняў Мінадукацыі прапануе шэраг мер, але Галоўчанку яны не задавальняюць, бо «носяць у асноўным арганізацыйна-фінансавы характар», у той час як «павінны быць такімі, каб зрабіць харчаванне ў школах, гімназіях, дашкольных установах сапраўды смачным, здаровым, разнастайным і ўлічваць пажаданні дзяцей». Як менавіта гэта зрабіць — пакуль што да канца не зразумела. 

Nashaniva.com