Роўная пастава можа быць не такой карыснай, як здаецца. Тлумачым, як трымаць хрыбет здаровым
З ранняга ўзросту нам кажуць трымаць спіну роўнай. Але ж насамрэч на здароўе хрыбта ўплывае не толькі гэта.
01.11.2022 / 15:38
Фота: vecteezy.com
Перш за ўсё высветлім, што ж насамрэч лічаць добрай паставай. Гэта пазіцыя, пры якой вы трымаеце галаву ў цэнтры над тазам і ступнямі і вашы галава і шыя не нахіляюцца назад ці наперад — замест гэтага вы стаіце выпрастана і вашы галава, таз і ступні знаходзяцца на адной лініі, тлумачыць Huffpost.
Тым не менш, такі тып паставы пасуе не кожнаму чалавеку. У сувязі з некаторымі захворваннямі накшталт артрыту хрыбта некаторыя людзі, асабліва пажылыя, адчуваюць сябе лепш, калі нахіляюцца. Калі б такі чалавек увесь дзень сядзеў з выпрастанай спінай, ён бы адчуваў боль.
Акрамя таго, наша цела змяняецца з узростам. Вось чаму, калі вам стукне 60, у вас можа быць зусім іншая пастава, чым калі вам было 30 гадоў, і гэта нармальна.
Добрая пастава, кажуць медыкі, прыводзіць да зніжэння зносу пазваночніка. Сутуласць, у сваю чаргу, можа зрабіць ваш пазваночнік больш далікатным і схільным да траўмаў. Роўная пастава не абавязкова ўратуе вас ад праблем з хрыбтом у будучыні, але моцны хрыбет дапаможа лягчэй перанесці гэтыя хваробы. Калі няправільная пастава прывядзе да нераўнамернага размеркавання вагі ці нагрузкі на ваша цела, вашым мускулам прыйдзецца працаваць больш.
Напрыклад, калі чалавек апускае шыю, каб паглядзець на тэлефон ці іншыя прылады ў руцэ, гэта стварае дадатковую нагрузку на яго цела. Чалавечая галава важыць недзе 4-5 кілаграмаў, і кожны сантыметр нахілу галавы наперад павялічвае ўдвая тую вагу, якую павінна несці шыя.
Добрая пастава — не панацэя
Але роўная пастава не абавязкова пазбавіць вас ад праблем са спінай. Амаль не існуе доказаў, што такая пастава можа знізіць боль у спіне ці прадухіліць яго з’яўленне ў будучыні. Больш за тое, ёсць сведчанне, што сутулая пастава ў падлеткаў вядзе да меншага болю ў шыі ў маладым узросце.
Замест таго, каб пастаянна нагадваць сабе трымаць спіну роўнай, можна засяродзіцца на ўмацаванні пэўных груп мускулаў. Трэніроўкі дазволяць гэтым мускулам лепш падтрымліваць хрыбет і дапамогуць вам стаяць роўна так, што гэта не будзе для вас дыскамфортным.
Ёсць дзве групы мускулаў, якія гэтаму спрыяюць. Першая з іх — параспінальныя мускулы, што акружаюць хрыбет ад шыі да паясніцы. Калі гэтыя мускулы ў вас моцныя, вашым косткам прыйдзецца менш працаваць, бо ў іх будзе лепшая падтрымка. Таксама не забывайце пра мускулы прэса, бо і яны дапамагаюць падтрымліваць спіну. Каб прапрацаваць гэтыя групы мускулаў, можаце заняцца ёгай, пілатэсам ці агульнымі сілавымі практыкаваннямі: рабіце планку, скручванні, мосцікі і практыкаванні на сцісканне лапатак.
Лепш не думаць шмат пра сваю паставу, а паспрабаваць рухацца кожны дзень як мага больш. Падчас сядзячай працы рэгулярна рабіце перапынкі і ўставайце, або паспрабуйце, калі гэта магчыма, працаваць за пісьмовым сталом стоячы.