Псеўдасмятана, прадукт з водарам сыру і імітацыя згушчонкі. Якія прадукты-сурагаты прадаюць у крамах

Многія сем’і прызвычаіліся эканоміць — і гэтым удала карыстаюцца «вытворцы-імітатары». «Наша Ніва» паглядзела, якія сурагаты прапануюць пакупнікам на паліцах беларускіх крам. Што цікава, раней вытворчасцю такой прадукцыі ў асноўным займаліся расійскія кампаніі, але з цягам часу на рынку з’яўляецца ўсё больш беларускіх гульцоў.

01.11.2022 / 09:59

Не смятана

Не так даўно на паліцах крам і ў інтэрнэт-дастаўках з’явілася пародыя на смятану пад маркай «Алёнкина Бурёнка». Звычайна вытворцы сапраўднага прадукта вялікім шрыфтам пазначаюць на пакунку «смятана», але ж на кубачку са смятанным прадуктам большую частку налепкі займае назва вядомай расійскай маркі.

Спажыўцам прапануюць 300-грамовы прадукт тлустасцю ў 15% і 20% па цане 1,22 і 1,59 рубля адпаведна. Для параўнання: кілаграм 15%-най смятаны ацэньваецца ў Беларусі ў каля 6 рублёў, кілаграм смятаннага прадукта — каля 4.

Што ўваходзіць у састаў псеўдасмятаны? Адноўленае абястлушчанае малако з выкарыстаннем закваскі, замяняльнік малочнага тлушчу і «комплексная харчовая дабаўка».

Адметна, што вытворца прадукта — беларускі, гэта кампанія «Давега фабрык» з Валожынскага раёна, якая прыйшла на рынак трошкі больш як два гады таму.

«Прадукты на аснове абястлушчанага малака, вырабленыя па тэхналогіі смятаны», кампанія зарэгістравала ў рэестры сёлета ў траўні.

Не сыр

Акрамя амбіцый на смятану, тая ж кампанія Davega з Валожынскага раёна займела і жаданне вырабляць псеўдасыр. Выглядае ён як звычайны брусок цвёрдага і нават называецца падобна да вядомага віду сыру — «Пошехонье». Але ж насамрэч гэта харчовы прадукт на аснове алеяў з водарам сыру.

Кілаграм такога вырабу каштуе 10,25 рубля, тады як сапраўдны пашахонскі сыр беларускай вытворчасці амаль удвая даражэйшы. Пры чытанні саставу зламаеш вочы, бо пералік інгрэдыентаў (асабліва з прыстаўкай Е) займае палову 200-грамовага пакунка. Але ж першым у спісе стаіць малако, што абнадзейвае.

Яшчэ адзін від пародыі на сыр — гэтым часам плаўлены каўбасны — вырабляе расійская кампанія «Ястро». У саставе прадукта сыр пазначаны далёка не першым, у адрозненне ад сапраўдных каўбасных сыроў. Больш за ўсё ў гэтым цудзе харчовай прамысловасці… вады. Але гэта самае бяскрыўднае, што дадаў туды вытворца.

За кілаграм такога прадукта трэба аддаць 9,3 рубля, а такая ж вага каўбаснага сыру каштуе прыкладна 14.

Не згушчонка

Звыклы блакітны колер і буйны надпіс «Сгущенка» — згушчаны сыроватачны прадукт з цукрам можа ўвесці купцоў у зман сваім пакункам. Але ж гэта не класічны прадукт з Рагачова ці Глыбокага, а сурагат ад віцебскай кампаніі «Фабрыка садавінавых смакаў». Ёсць ён і ў класцічнай бляшанцы, і ў пластыку. Тлустасць, як і ў сапраўднай згушчонкі, — 8,5%.

Цана 450-грамовага пачка гэтага прадукта — 2,16 рубля, за кілаграм — 4,8. А кіло рагачоўскай сапраўднай згушчонкі тым часам прадаюць амаль за 10.

Глядзім, які састаў: цукар, сухая малочная адноўленая сыроватка, пшанічная мука вышэйшага гатунку, пальмавы алей, фарбавальнік Е171, кансервант Е202 і харчовы араматызатар. А натуральная згушчонка мінімалістычная — толькі з малака і цукру.

Літаральна пару тыдняў таму Дзяржстандарт забаніў іншую псеўдазгушчонку расійскай вытворчасці — малакаўтрымліваючы прадукт з замяшчальнікам малочнага тлушчу з маркіроўкай «Молочный союз». Аказалася, што больш як на 40% перавышаныя паказальнікі таго самага замяшчальніка.

Нярэдка ў крамах сурагаты стаяць на паліцах побач з арыгінальнай прадукцыяй, так што няўважлівы пакупнік можа прыняць іх за смятану, масла, згушчонку і г.д.

Не масла

Яшчэ адна фішка маркіроўкі «Алёнкина бурёнка» — спрэды, якія знешне імкнуцца быць падобнымі да вяршковага масла. Але ж гэтым разам сурагатамі актыўна займаецца расійскі вытворца з Мыцішчаў (аднак і беларускія не засталіся ў баку).

180 грамаў такога прадукта з тлустасцю 82,5% каштуюць 1,75 рубля, цана такой жа вагі натуральнага масла — у раёне 4 рублёў. У складзе спрэда, прадказальна, няма і намёку на малако.

Пакунак выглядае амаль гэтак жа, як і ў масла, на пярэднім баку пазначана назва, тлустасць і маса. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што вытворца яшчэ пазначае слова «спрэд», хаця і не самым буйным шрыфтам.

Беларускія «калегі» па спрэдзе з «Залатой кроплі» вырашылі не рабіць апошняга, і прадукт на першы погляд выглядае маслам.

Не ёгурт

Таксама часта ёгуртныя прадукты звонку нагадваюць ёгурты, хаця яны часам трошкі таннейшыя за натуральныя прадукты і ў іх складзе шмат падазроных дабавак (але некаторыя з іх бываюць і ў прадуктах, пазначаных як ёгурт). Прывядзем некалькі папулярных сярод пакупнікоў прыкладаў.

«Нежный», Fruttis і «Ласковое лето». Першыя дзве маркі ёгуртавых прадуктаў — расійскія, апошняя — беларуская. Цана за кілаграм — 6, 12,87 і 6 рублёў адпаведна. У той час кіло таго ж «белактаўскага» ёгурта, які падыходзіць нават дзецям, каштуе 7, грэчаскага Teos — 10,29.

Не маянэз

Выглядае, што класічную рэцэптуру маянэзу падтрымліваюць далёка не ўсе вытворцы, нярэдка на вочы трапляюцца маянэзныя соусы. Асноўнае адрозненне ў тым, што ў апошніх утрымліваецца харчовая дабаўка — антыакісляльнік Е385, які называецца этылендыямінтэтраацэтат кальцыя-натрыя. Ён хоць і лічыцца нізкатаксічным, але ж не бясшкодны.

За такую дабаўку, напрыклад, Дзяржстандарт дадаў у спіс небяспечнай прадукцыі вядомы маянез Calve, які насамрэч і не з’яўляўся маянэзам. Расійскі прадукт патрапіў у няміласць беларускіх кантралёраў у красавіку.

У нашых крамах маянэзных соусаў вельмі шмат — як айчыннай, так і замежнай (у асноўным расійскай) вытворчасці. І адрозніць іх ад сапраўднага маянэзу не надта проста, бо на пярэднім баку гэтага звычайна не пазначаюць. Калі трэба купіць менавіта маянэз, то гэтае слова і будзе прапісана на «твары» пакунку.

Напрыклад, вытворчасцю маянэзных соусаў займаюцца маркі «Камако», ABC, «Сталіца» і іншыя. У той жа час пад гэтымі брэндамі вырабляецца і маянэз.

Глядзім на цэны. Кілаграм маянэзнага соусу каштуе прыкладна 5,5 рубля, маянэзу — каля 8.

Убачылі іншыя сурагаты на паліцах беларускіх крам? Дашліце фоты ў наш бот.

Nashaniva.com