«Хлеў згарэў, але ж колькі і восаў ляснула». Пенсіянер хацеў знішчыць гнёзды насякомых паяльнай лямпай

У Магілёўскім раёне пенсіянер вырашыў пазбавіцца ад асіных гнёздаў у сваім хляве пры дапамозе паяльнай лямпы. Ад восаў ён сапраўды пазбавіўся, але спаліў разам з імі і хлеў, паведамляе прэс-служба МНС Беларусі.

31.10.2022 / 21:27

Фота: МНС 

66-гадовы жыхар вёскі Будоўля Магілёўскага раёна знайшоў у сваім хляве асіныя гнёзды і вырашыў пазбавіцца ад непажаданых суседзяў даволі незвычайным спосабам: прынёс паяльную лямпу і стаў паліць ёй восаў разам з іхнім жытлом. Але ў нейкі момант не даглядзеў, і агонь перакінуўся на хлеў.

У выніку хлеў дашчэнту згарэў разам з асіным гняздом і самімі восамі. Атрымалася як у той народнай прымаўцы: «Хлеў згарэў, але колькі і мышэй ляснула». Толькі замест мышэй — восы.

І добра яшчэ, што агонь не перакінуўся на хату і сам мужчына не пацярпеў.

Nashaniva.com