На Шчучыншчыне пачалася рэстаўрацыя Маламажэйкаўскай царквы ў Мураванцы

У Мураванцы Шчучынскага раёна на мінулым тыдні пачалося аднаўленне Маламажэйкаўскай царквы Раства Прасвятой Багародзіцы. На гэта былі ўказам Лукашэнкі выдзеленыя 500 тысяч са спецыяльнага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва, піша раённая газета «Дзянніца».

30.10.2022 / 18:10

 

Паводле паведамлення раёнкі, цяпер завяршаецца ўсталяванне рыштаванняў вакол храма і пачынаецца ачыстка цэглы з паралельнай рэстаўрацыяй тынкоўкі. Плануецца таксама правядзенне лакальнага рамонту меднага даху і рэстаўрацыя крыжоў, што знаходзяцца на храме. 

Важнай часткай аднаўлення стане поўная замена вадасцёкавай сістэмы. Зараз сістэма не спраўляецца з прыёмам вялікай колькасці вады, гэта ў сваю чаргу мае разбуральны эфект для ўсяго будынка.

 Аднаўленчыя работы на аб’екце выконваюцца сіламі ТАА «СМП-128». Гэтая арганізацыя з Мінска раней рэстаўравала комплекс будынкаў на плошчы Свабоды і галоўпаштамт у Мінску, палац у Жылічах Кіраўскага раёна. Зараз арганізацыя завяршае працы ў Жыровіцкім манастыры.

 У аднаўленні будуць удзельнічаць, як паведамляецца, восем тынкоўшчыкаў, два цесляры і два страхары. 

Маламажэйкаўская царква — помнік архітэктуры XVI стагоддзя. Гэта адзін з прыкладаў абарончага храма, вельмі рэдкіх у Беларусі. Акрамя гэтай царквы, падобная ёсць яшчэ толькі ў Сынкавічах на Слонімшчыне.

Nashaniva.com