У «ДНР» паведамляюць пра спробы атакаваць на вугледарскім кірунку
Расейскія тэлеграм-каналы пішуць, што армія РФ пачала атаку на вуглядарскім кірунку ў Данецкай вобласці. Спачатку на гэтым участку зрабіла бамбардзіроўкі расейская авіяцыя, а затым наперад высунуліся падраздзяленні пяхоты.
29.10.2022 / 14:54
У прыватнасці, палявы камандзір самаабвешчанай ДНР Аляксандр Хадакоўскі паведамляе, што спачатку на гэтым участку зрабіла бамбардзіроўкі расейская авіяцыя, а затым наперад высунуліся падраздзяленні пяхоты.
Пры гэтым Хадакоўскі фактычна раскрытыкаваў рашэнне аб пачатку атакі. «Я лічу гэтае рашэнне заўчасным, але спадзяюся на поспех», — напісаў ён.
У тэлеграм-канале «намесніка міністра інфармацыі ДНР» Данііла Бязсонава сцвярджаецца, што ў раёне Паўлоўкі амаль знішчаная лінія абароны УСУ.
Тэлеграм-канал «Старше Эды» таксама паведамляе аб расейскай атацы на гэтым кірунку, а таксама піша, што ў сваю чаргу ўкраінскія войскі ўжылі авіяцыю ў Чырвонапапоўцы (Луганская вобласць), і робіць выснову, што «пачалася сустрэчная бітва».
Вуглядар — горад прыкладна за 50 км на поўдзень ад Данецка, які прыкрывае з поўдня пазіцыі ўкраінскіх войскаў у раёне Мар'інкі пад Данецкам.
Украінскае камандаванне пакуль не пацвярджала інфармацыю пра наступ расейскіх войскаў на вуглядарскім кірунку.