Нявеста з Маладзечна пазнаёмілася з першым лепшым і выйшла за яго замуж
Жарт пра тое, што першы лепшы стане абраннікам на ўсё жыццё, стаў рэальнасцю для Таццяны Сідаровіч з Маладзечна. Пра незвычайную гісторыю кахання, знаёмства з бацькамі і дэталі вясельнай імпрэзы напісала рэгіянальнае выданне Kraj.by.
28.10.2022 / 20:32
«Усё жыццё сцераглася прыгожых хлопцаў»
Недахопу прыхільнікаў у Таццяны Сідаровіч не было: маладыя людзі пастаянна аказвалі знакі ўвагі, гаварылі кампліменты, падыходзілі знаёміцца, прапаноўвалі сустракацца. Па факце аказвалася, што ў хлопцаў не было сур'ёзных намераў, іх прыцягвала яркая знешнасць дзяўчыны. Тады яна і ставіла кропку ў адносінах.
«Неяк мы гулялі з сястрой па парку, і я стала ёй скардзіцца, што талковых хлопцаў і не засталося зусім, ва ўсіх вецер у галаве, — распавядае 23-гадовая Таццяна. — Сястра пажартавала, што першы хлопец, які будзе ісці насустрач, і акажацца талковым, параіла пазнаёміцца. Я скептычна паставілася да гэтай задумы, але дзеля жарту сапраўды спыніла першага сустрэчнага».
Маладога чалавека звалі Максім, і ён аказаўся больш чым сур'ёзным. Паглядзеўшы на юных незнаёмак, папрасіў пашпарты. Дзяўчаты трохі збянтэжыліся, але паказалі. Так і пачалося знаёмства: сталі размаўляць у сацсетках, тэлефанаваць, сустракацца.
«Усё жыццё я сцераглася прыгожых хлопцаў. Баялася, што буду раўнаваць, па натуры я такая, — прызнаецца гераіня. — Убачыла Максіма, першае, пра што падумала: не мой варыянт, вельмі ўжо прыгожы. Тым больш я была не ва ўборы Папялушкі, а ў звычайным спартыўным касцюме. Пра сур'ёзнае ўжо тым больш не загадвала. Аднак аказалася, што ён не толькі прыгожы, але яшчэ і надзейны, верны, у мяне проста няма падстаў для рэўнасці».
Праз месяц адносін маладыя людзі сталі жыць разам у кватэры, якую Таццяна здымала. Потым пераехалі ў іншае жытло.
«Звычайны ўбор купіць не атрымалася — узяла ўрачысты»
Год пара пражыла разам, і тады Максім зрабіў Таццяне прапанову. З вяселлем не спяшаліся, пра ўрачыстасць сталі задумвацца яшчэ праз год — у ліпені. Першапачаткова планавалі толькі распісацца. Потым вырашылі запрасіць самых блізкіх, падлічылі — выйшла 30 чалавек. Сабраць людзей і не наняць вядучага — сумна, сталі шукаць спецыяліста. Потым замовілі фатографа, іншыя вясельныя паслугі — так усё і закруцілася.
«Такая ж сітуацыя атрымалася і з маім уборам, — смяецца маладая. — Першапачаткова планавала купіць някідкую белую сукенку. А прыйшла ў вясельны салон, вочы разбегліся ад прыгажосці, звычайны ўбор купіць не атрымалася — узяла ўрачысты».
Жаніху падабраць касцюм было складаней. Некалькі разоў прыйшлося аб'язджаць крамы. Спачатку выбіралі касцюм разам — нічога не падабралі, а паехаў адзін — з першага ж разу купіў.
Бацькі маладых даўно чакалі, калі адбудзецца ўрачыстасць, заставалася загадкай, калі прызначаць вяселле. А вось для гасцей запрашэнне пайсці на вяселле стала нечаканасцю, бо маладыя падрыхтаваліся да ўрачыстасці літаральна за месяц.
Вянчаліся ў той жа самай царкве, што і бацькі жаніха 31 год таму
«Вырашылі зрабіць вяселле восенню, — кажа нявеста. — Планавалі распісацца 5 кастрычніка, як і бацькі Максіма. Жывуць яны дружна і шчасліва, так бы хацелі пражыць і мы. Аказалася, што гэта будны дзень, вырашылі распісацца ў найбліжэйшыя выходныя, 8 кастрычніка, а вянчаліся 9 кастрычніка.
Ад выкупу пара адмовілася. Па традыцыі нявесту выкупляюць з бацькоўскага дома, а Таццяна збіралася на здымнай кватэры ў Маладзечне. Сама яна з Віцебскай вобласці, вучылася ў Мінску, працавала правадніцай. Часта прыязджала да сястры ў Маладзечна. Горад настолькі спадабаўся, што вырашыла тут асталявацца. Так і засталася на пяць гадоў. Жаніх выязджаў ад бацькоў.
З традыцыйных момантаў было тое, што маладых сустракалі з хлебам і соллю, запальвалі свечкі ў хатні ачаг, жаніх кідаў падвязку, нявеста — букет незамужнім сяброўкам, свякруха здымала вэлюм нявестцы і павязвала хустку.
На ўрачыстасці нявесту незапланавана скралі з вяселля сваякі з боку жаніха. Пасадзілі ў машыну і сказалі чакаць. Праўда, жаніх вельмі хутка адшукаў суджаную.
Бацькам маладыя пісалі падзячныя лісты і зачытвалі іх на вяселлі. Таццяна гаварыла падзяку бацькам Максіма, ён — яе бацькам. Як прызнаюцца маладыя, дома яны часта перад люстэркам чыталі прамовы і ні разу не заплакалі. А на ўрачыстасці ў нявесты голас дрыжаў і цяклі слёзы. Жаніх нават адмаўляўся чытаць словы, каб не расчуліцца, потым узяў сябе ў рукі.
«Аднак самым хвалюючым для нас была падрыхтоўка да шлюбу і сам абрад, — дзеліцца маладая жонка. — За месяц да вяселля першы раз у жыцці хадзілі на споведзь. Бралі шлюб па прыкладу бацькоў Максіма: у той жа царкве, у якой яны бралі шлюб 31 год таму».
Як адзначаюць маладыя, для шчасця ім трэба няшмат: уласны куток і каб у сям'і хутчэй з'явіліся дзеці. Менавіта ў іх яны бачаць шчасце і стымул рухацца наперад.