Лукашэнка на саміце АДКБ накрычаў на Пашыняна: Чаго вы ваюеце? Сядзьце вы ўдвух, дамоўцеся, і хай Расія асвяціць
Па сённяшняй рэакцыі Лукашэнкі на пытанні армянскага прэм'ера відаць, наколькі цяперашняя эскалацыя ўзброенага канфлікту ў Нагорным Карабаху і патрабаванне Арменіі, каб АДКБ умяшалася ў яго на баку аднаго з ягоных членаў, нясвоечасовая, а таму дыскамфортная для Мінска і Масквы.
28.10.2022 / 19:42
Як вынікае з хвіліннага выступлення Лукашэнкі, Пашынян запатрабаваў ад саюзнікаў дакладнай ацэнкі сітуацыі і выразнага акрэслення сваёй пазіцыі. «Вы што, не ведаеце нашу пазіцыю? Мы хочам, каб паміж дзвюма суседнімі дзяржавамі канфлікт быў урэгуляваны мірным шляхам», — раздражнёна адказаў Лукашэнка.
Другое пытанне, пастаўленае Пашынянам, тычылася дарожнай карты, якую саюзнікі мелі б прапанаваць па «аднаўленні тэрытарыяльнай цэласнасці Арменіі». Тут Лукашэнка ўвогуле прыняў вельмі рэзкі тон, збіўшыся ледзь не не крык: «Якую дарожную карту? Я вам на гэта адразу адказваю: сядзьце з Ільхамам Аліевым, калі трэба, папрасіце прэзідэнта Расіі і прыміце рашэнне. Не прымеце сёння — будзе ж горш, вы самі разумееце. Нам не патрэбны гэты канфлікт. Вось вы два пытанні паставілі, яны больш чым дзіўныя, Нікол Ваваевіч».
Перад тым ён выказаўся пра вайну ў Карабаху: «Хлопцы, вы за што ваюеце? Вы за што ваюеце ў гэтых гарах на 2 тысячы метраў вышынёй? Загубілі тры сотні чалавек, тры сотні чалавек загінула — там дзе людзі не жывуць, дзе нават козы не ходзяць. Чаго вы ваюеце? Сядзьце вы ўдваіх, дамоўцеся, і хай Расія асвяціць гэтую дамову. Але вы ж не хочаце. Нейкая тут гульня».
Варта адзначыць, што для Арменіі ўвесь сэнс знаходжання ў АДКБ і іншых постсавецкіх інтэграцыйных структурах, аб'яднаных вакол Расіі, — выключна спадзяванне на тое, што Расія разам з іншымі членамі АДКБ, калі што, дапаможа ёй і абароніць у выпадку абвастрэння канфлікту з Азербайджанам за Нагорны Карабах, які цягнецца ўжо больш за 30 гадоў. Ніякіх іншых рэзонаў быць менавіта ў гэтай кампаніі ў армян няма. І калі Расія ў гэтай дапамозе адкрыта адмаўляе — а Лукашэнка яўна выказвае не толькі сваю ўласную пазіцыю — то ад армянскага кіраўніцтва можна чакаць геапалітычнай пераарыентацыі. Прынамсі, такой, якая магчымая ў тых складаных умовах, у якіх знаходзіцца ў сваім рэгіёне Арменія.
Вядома, цяперашняя пазіцыя Пуціна і Лукашэнкі зусім не ад празмернага міралюбства і прыхільнасці да мірных метадаў вырашэння праблем. Расія акурат вельмі шмат зрабіла для таго, каб гэты канфлікт не вырашаўся дзесяцігоддзямі і атручваў адносіны ў рэгіёне, бо лічыла, што гэта ў яе інтарэсах. Нявырашанасць карабахскага канфлікту дазваляла Крамлю цвёрда трымаць Арменію ў сферы сваіх уплываў. Але цяпер у Пуціна рукі моцна звязаныя ва Украіне, і непасрэдна ўлазіць ва ўмовах недахопу сілаў на гэтым жыццёва важным для яго фронце яшчэ і ў канфлікт на Паўднёвым Каўказе ён не можа сабе дазволіць.
Лукашэнка ж у дадзеным выпадку выказвае прамым тэкстам тое, што не можа гэтак жа сама сказаць ягоны палітычны патрон, ад якога ён знаходзіцца ў поўнай залежнасці. Параза Пуціна ва Украіне можа з вялікай доляй верагоднасці выклікаць крах абодвух рэжымаў. У такой сітуацыі не дзіўна, чаму «нясвоечасовыя» армянскія праблемы так раздражняюць Лукашэнку. Тым больш што ён даўно мае палітычныя кантакты з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым, і карысці ад іх куды больш, чым ад адносін з Пашынянам. Бо Азербайджан, па-першае, значна багацейшы. А па-другое, адносіны з Аліевым куды прасцей будаваць на аснове салідарнасці аўтарытарыяў.