КДК паведаміў, што ў брэсцкім медцэнтры завышаліся цэны

Як паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржаўнага кантролю, адзін з прыватных медыцынскіх цэнтраў Брэста сфармаваў тарыфы на амаль два дзясяткі паслуг «без выкарыстання ўстаноўленых паніжальных каэфіцыентаў, у сувязі з чым яны перавышалі максімальна магчымыя да 110 рублёў за адзін комплекс».

28.10.2022 / 16:31

«Да прыкладу, кошт паслугі «Комплексная праграма абследавання «Увесь пазваночнік» без кантрастнага ўзмацнення» была неабгрунтавана завышаная на 44,5%», — гаворыцца ў паведамленні.

Па завышаных цэнах медцэнтр нібыта аказаў насельніцтву парадку 2 тысяч паслуг, у выніку чаго неабгрунтавана атрымаў выручку ў 45 тысяч рублёў. Гэтая сума — розніца паміж выкарыстаным і разлічаным у адпаведнасці з заканадаўствам тарыфам — падлягае спагнанню ў бюджэт у двухразовым памеры, адзначылі ў КДК.

Падчас праверкі тарыфы на астатнія платныя медпаслугі перагледжаныя — іх зменшылі да 30%. Медцэнтр таксама перастаў аказваць асобныя паслугі ў складзе комплексаў.

Nashaniva.com