На кінафестывалі «Паўночнае ззянне» пакажуць анлайн украінскія дакументалкі

8-мы кінафестываль «Паўночнае ззянне» прэзентаваў спецыяльную праграму «Ukraine mon amour», створаную на знак салідарнасці з Украінай. У яе ўвайшлі тры ўкраінскія фiльмы, якія былі зробленыя разам з Нардычнымі і Балтыйскімі краінамі. Гэтыя і іншыя фільмы кінафестывалю сёлета можна будзе паглядзець з 20 па 30 лістапада бясплатна.

26.10.2022 / 12:41

Скрыншот: трэйлер фільма «Дом з аскепкаў»

Якія дакументалкі пакажуць у рамках украінскай праграмы?

«Гэты дождж ніколі не скончыцца»

2020, Украіна, Латвія, Германія, Катар

Паказ — 20 лістапада

Чорна-белы фільм, створаны ўкраінскай рэжысёркай Алінай Горлавай. Гэта візуальна вытанчанае і дасканала зманціраванае дакументальнае кіно пра ўцёкі ад вайны. «Гэты дождж ніколі не скончыцца» дапамагае паглядзець праз прыватную гісторыю адной сям'і на глабальны бесперапынны цыкл вайны і міру. Па словах Аліны Горлавай, яны з камандай фільма імкнуліся паказаць дуальнасць свету, яго кантрасты. Калі існуюць гуманітарныя місіі і ў той жа час такія мілітарызаваныя падзеі, як ваенны парад. 

Фільм атрымаў мноства ўзнагарод. Першапачаткова рэжысёрка планавала зняць кароткі метр пра Данбас і не ўяўляла, што пазнаёміцца ​​з героем, чыя гісторыя завядзе ў Ірак і Германію, падштурхне здымаць больш за 30 гадзін перавоз памерлага бацькі галоўнага героя ў Сірыю, а здымкі ўсяго фільма зоймуць чатыры гады.

Зараз Аліна Горлава працягвае знаходзіцца ў Кіеве і там здымае вайну.

«Звонку»

2022, Украіна, Данія, Нідэрланды

Паказ — 23 лістапада

«Звонку» — поўнаметражны дакументальны дэбют украінскай рэжысёркі Вольгі Журбы, які яна стварала 7 гадоў. Фільм-падарожжа і фільм-партрэт хлопчыка Ромы, які ідзе па жыцці як па гарачых вуглях — беднасці, рэвалюцыі і бяздомнасці. Дзякуючы тэлефонным размовам паміж хлопчыкам і рэжысёркай, відэазапісам з камер назірання і здымкам дрэйфу Ромы па жыцці, складаецца гісторыя пра маладога чалавека, кінутага бацькамі, а потым і сістэмай, пра пошук свайго месца ў свеце і свайго дома.

Рэжысёрка звяртае ўвагу на самае страшнае, што адбываецца з такімі дзецьмі, — на абыякавасць грамадства. «Мы заўважаем гэтых дзяцей толькі тады, калі яны нам нашкодзяць, пасля чаго мы іх адпраўляем за краты», — разважае Вольга Журба і падымае гэтае пытанне ў сваім фільме.

«Дом з аскепкаў»

2022, Данія, Швецыя, Фінляндыя, Украіна

Паказ — 25 лістапада

Дакументальны фільм «Дом з аскепкаў» прысвечаны гісторыі прытулку для дзяцей ва ўсходнім горадзе Украіны — Лісічанску, куды змяшчаюць дзяцей з небяспечных сем'яў на 9 месяцаў. Пасля гэтага ім знаходзяць новы дом, ці яны вяртаюцца ў стары, ці ж перамяшчаюцца ў дзіцячы дом.

Дацкі рэжысёр Сымон Лерэнг Вільмонт у «Доме з аскепкаў» працягвае тэму свайго першага фільма «Сабачы брэх удалечыні», прапаноўваючы ўнікальны погляд на тое, як доўгатэрміновыя наступствы вайны адбіваюцца на грамадстве, асабліва на дзецях. Гэта пранізлівы і глыбока інтымны партрэт прамежкавай станцыі і пры гэтым кранальнае антываеннае выказванне пра тое, як сацыяльная несправядлівасць фармуе вывучаную бездапаможнасць з самага ранняга ўзросту. 

Уся праграма «Ukraine mon amour» будзе даступная бясплатна ў фармаце online па папярэдняй рэгістрацыі, якая пачне працаваць у пачатку лістапада.

Глядзець фільмы «Ззяння» можна будзе з 20 па 30 лістапада, яны будуць даступныя 24 гадзіны згодна з раскладам, які зусім скора будзе даступны на афіцыйным сайце «Паўночнага ззяння». Ужо цяпер вы можаце падтрымаць фестываль данатам.

Nashaniva.com