«Чалавек у футарале». Стылістка прааналізавала стыль Наталлі Качанавай
Старшыня Савета Рэспублікі звычайна з’яўляецца на публіцы ў аднатонным касцюме і туфлях на абцасах. У макіяжы Наталля Качанава які ўжо год выкарыстоўвае памаду карычневага тону. Стылістка Ганна Прышывалка разабрала для «Нашай Нівы» лукі топ-чыноўніцы і іх змену на розных этапах яе кар’еры.
23.10.2022 / 10:22
«Надае вялікае значэнне свайму гардэробу»
Стылістка Ганна Прышывалка кажа, што Качанава — «чалавек у футарале». Яна вельмі стараецца адпавядаць свайму статусу і ўзросту.
«Яна добра ведае сваю фігуру, няма нейкіх рэчаў, якія б на ёй не сядзелі, — кажа стылістка. — Большасць беларускіх чыноўнікаў у плане свайго выгляду затрымаліся ў мінулым. Зразумела, што ёсць афіцыйна-дзелавы стыль, але калі мы паглядзім на еўрапейскіх палітыкаў, тыя выглядаюць зусім інакш.
Тэрэза Мэй, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі з 2014 па 2019. Фота: сацсеткі
Урсула фон дэр Ляйен, старшыня Еўрапейскай камісіі. Фота: сацсеткі
Цяпер, напрыклад, модна насіць нешта вельмі структураванае, з падкрэсленай лініяй плячэй. У вобразах Качанавай аб трэндавасці гаворкі не ідзе».
Эрна Солберг, прэм'ер-міністр Нарвегіі з 2013 па 2021. Фота: сацсеткі
Касцюмаў і ўбораў у Качанавай шмат. Ганна Прышывалка адзначае, што чыноўніца надае вялікае значэнне свайму гардэробу, выгляду.
«Ангела Меркель, напрыклад, магла сабе дазволіць у адным і тым жа плашчы з'яўляцца на публіцы цягам 10 гадоў. Яе гэта не бянтэжыла. У Качанавай жа інакш», — кажа яна.
Вобразы Наталлі Качанавай мяняліся. У пачатку кар'еры яна выбірала касцюмы з мінімальнымі каляровымі акцэнтамі.
Фота: novopolotsk.by
«Яе стыль, хутчэй за ўсё, трансфармаваўся па меры прафесійнага росту, фінансавага становішча.
Месцамі яе кідае, ёсць моцныя кантрасты: ад поўнай адсутнасці дэкору да яго наяўнасці. Магчыма, яна была ў пошуку свайго.
Сярод фатаздымкаў кінуўся ў вочы яе касцюм непрыемнага бэжава-шэрага колеру. Сядзіць ён на ёй добра, але абсалютна не пасуе. Колер твару становіцца шэрым.
Яе касцюмы недарагія, у мяне ўражанні, што, хутчэй за ўсё, іх шые «Элема», — мяркуе стылістка.
Ганна Прышывалка заўважае, што Наталля Качанава любіць абіраць светла-блакітныя, шэрыя адценні. Так яна спрабуе гуляць на кантрасце сваёй цёплай знешнасці.
«Адназначна ёй не пасуюць шэра-зялёны колер, карычневы, бардовы. Яны яе стараць або ў цэлым дрэнна ўплываюць на знешнасць. Яе колеры — чорны, бэжавы.
Ёсць некалькі старых зусім няўдалых лукаў. Чорная сукенка, шэры пінжак, высокія боты. Ці, напрыклад, бардовы пінжак, які спрабавалі неяк арыгінальна пашыць, але не атрымалася.
Яе ўдалы лук — нядаўні бэжавы касцюм. Ён тотал, што добра заўсёды глядзіцца. Сам вобраз ёй неўласцівы.
Добрая мадэль штаноў, падаўжаюць саму прапорцыю, яна выглядае больш зграбнай», — расказвае яна.
«Зрабіла б ёй складанае афарбоўванне»
Стылістка кажа, што па Качанавай складана вызначыць яе ўзрост: на ранейшых фатаздымках яна выглядае практычна гэтаксама, як у 2022-м. Прычоска і макіяж аднолькавыя.
На святочных мерапрыемствах, напрыклад, на навагоднім балі, Качанава з’яўляецца ў вечаровай сукенцы.
Фота: БелТА
«Сукенка на балі не вельмі ўдала на ёй сядзіць, — лічыць стылістка. — Але ў цэлым выбар для жанчыны яе гадоў на такое мерапрыемства вельмі нядрэнны. Яе бальныя вобразы я б крытыкаваць не стала. Там бачна і па прычосцы, і па макіяжы, што з ёй працавалі стылісты».
Макіяж і прычоска ў Наталлі Качанавай не перажываюць ніякіх змен. Стылістка кажа, што так фарбавацца было модна ў 1980—1990-я.
«Больш за ўсё я не разумею, што ў нашых жанчын-чыноўніц з тварамі. Яны выглядаюць па-мужчынску, прысутнічае там горыч.
Падабаецца ёй карычневага колеру памада, якая надае яе твару зямлістае адценне. Асабліва дрэнна гэтая памада выглядае ў спалучэнні з блакітным касцюмам. З плюсаў — не малюе бровы», — разважае стылістка.
Фота: БелТА
Ганна Прышывалка парэкамендавала б чыноўніцы адмовіцца ад карычневай памады, рабіць макіяж больш лайтовым.
«Таксама зрабіць карацейшай стрыжку. Гэта пасуе жанчынам ва ўзросце, а ў яе яшчэ цяжкая ніжняя частка твару, не хапае натуральнага аб'ёму. Яшчэ лепш змяніць колер на больш светлы, зрабіла б ёй складанае афарбоўванне.
У адзенні трымацца цёплых адценняў і сыходзіць у стыль па прынцыпе таго бэжавага касцюма. Паспрабаваць насіць двухбортныя пінжакі.
Хаця, калі б я была стылістам па той бок барыкадаў, таксама б так яе апранула. Таму што Качанава робіць уражанне на тую публіку, якая такая ж самая, як яна. У такіх жа, умоўна, касцюмах, з такім жа густам. Яны глядзяць на яе і думаюць, што яна свая.
З пункту гледжання яе ролі ў Беларусі ў цэлым вельмі правільны вобраз, па дзяржаўным стандарце», — падсумоўвае стылістка.