Іосіф Бродскі: «Зайздрошчу тым, хто памёр рана»
«Расійская газета» апублікавала невядомае інтэрв’ю з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі Іосіфам Бродскім.
02.10.2009 / 18:32
«Расійская газета» апублікавала невядомае інтэрв’ю з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі Іосіфам Бродскім. Размова адбылася паміж паэтам і філолагам Валянцінай Палухінай у 1980 годзе.
Фота www.rg.ru
Паэт распавядаў, чаму ён пісаў так, як пісаў. «Бо па-іншаму пісаць у мяне не атрымліваецца, проста па-іншаму — няма ахвоты. Ты ж пішаш для сябе і для гіпатэтычна іншай асобы, і гэтай гіпатэтычна другой асобе ты хочаш спадабацца. Гэта можа быць прыяцель, гэта можа быць каханая, гэта можа быць анёл, гэта можа быць ідэя.
То бок усялякая літаратура, усялякае сачыненне пачынаецца з імкнення чалавека да святасці».
Нобелеўскі лаўрэат пагаджаўся з тым, «што ў кожным новым вершы паэта больш і больш рамяства». «Ну, гэта, безумоўна, так, хаця… калі наступае перапынак і тады ты потым вяртаешся, ты пачынаеш нібыта ў некаторым сэнсе з асноваў. Больш за тое, асновы пра сябе паступова нагадваюць…
Чым больш паспяховы ты быў у мінулым, чым відавочней твае дасягненні ўчора і пазаўчора, тым меншыя шансы на тое, што ў цябе гэта атрымаецца зноў,
бо перш за ўсё табе даводзіцца карыстацца больш-менш тымі ж сродкамі і ўсё менш сродкаў застаецца ў тваім распараджэнні. Кожны наступны верш можа аказацца апошнім — пачаткам канца. Адсюль — страх».
Але сваю мэту ў літаратуры Бродскі бачыў у тым, каб «напісаць добра. Паэт павінен бачыць жыццё як ланцужок з вызначанымі колцамі, і ён павінен даць дакладнае колца, нумар у ланцужку таму, што было да гэтага і што будзе пасля. Знайсці правільнае месца вызначанай з’яве».
Выказваўся ён і пра фактар узросту ў творчасці пісьменнікаў.
«У старасці рэдка хто піша добра. Мудрасць — так, думка — рэдка. Так, я не веру старому Гётэ. Ідзе рух уніз: людзі становяцца разумнейшымі, але яны не адчуваюць элегантнасці, прыгажосці. Ім не хочацца заваёўваць, перамагаць нават мову! Я зайздрошчу тым, хто памёр рана: мы ніколі не даведаемся, што б адбылося. У нас толькі палова карціны».