Пакаранне 14-гадовага хлопчыка, сэксуальны гвалт над 4-гадовай дзяўчынкай. Што камісія ААН распавяла аб ваенных злачынствах ва Украіне

Камісія ААН па расследаванні парушэнняў ва Украіне апублікавала першы даклад. У ім аналізуюцца ваенныя злачынствы, учыненыя ў Кіеўскай, Сумскай, Харкаўскай і Чарнігаўскай абласцях у лютым і сакавіку. Паводле звестак камісіі, адказнасць за пераважную большасць задакументаваных злачынстваў ляжыць на расійскіх вайскоўцах, паведамляе «Агенцтва».

19.10.2022 / 13:27

Злачынствы расійскіх войскаў

Пакаранне смерцю

Ва ўсіх чатырох абласцях Украіны эксперты ААН выявілі выпадкі пакаранняў смерцю. Акрамя забойстваў у Бучы, камісія знайшла пераканаўчыя сведчанні падобных злачынстваў у 16 іншых населеных пунктах. У забітых зафіксаваныя агнястрэльныя раненні галавы, тупыя траўмы і парэзы на горле. Большасць ахвяр — мужчыны, але сярод забітых ёсць таксама дзве жанчыны і 14-гадовы хлопчык.

Большая частка пакараных загінулі побач з месцам допыту або ўтрымання. Але ёсць і выпадкі забойстваў у грамадскіх месцах. Так, у вёсцы Вясёлае Харкаўскай вобласці расійскія вайскоўцы выцягнулі чалавека з аўтобуса, які перавозіў людзей у Расію. Салдаты збілі і застрэлілі мужчыну на вачах пасажыраў, пасля чаго паведамілі ім, што забіты перадаваў інфармацыю ўкраінскім узброеным сілам.

У вёсцы Вішнёвае Чарнігаўскай вобласці расійскія вайскоўцы расстралялі двух дарослых братоў і паранілі трэцяга. Яны былі затрыманыя пры спробе знайсці датычных да нападу на расійскі канвой. Мужчын закапалі ў неглыбокай магіле, што дазволіла трэцяму брату выбрацца і выжыць.

Удары па цывільным насельніцтве

Камісія задакументавала выпадкі абстрэлу цывільных аб'ектаў. Напрыклад, 17 сакавіка 2022 года расійскія войскі абстралялі касетнымі боепрыпасамі ў Чарнігаве. Пад ударам апынуліся людзі, якія стаялі ў чарзе па ваду. Некалькі чалавек загінулі, пацярпелі некалькі дзясяткаў, у тым ліку чацвёра дзяцей. Днём раней з такога ж абстрэлу пацярпела больш за 200 жыхароў Чарнігава, якія стаялі ў чарзе за хлебам. Былі забітыя 14 мірных жыхароў, 26 атрымалі раненні.

З-за удараў па цывільнай інфраструктуры загінулі не менш за 1495 чалавек. Гэта 70% загінулых у пазначаных рэгіёнах.

Ва ўсіх абласцях зафіксаваныя шматлікія выпадкі абстрэлаў расійскімі салдатамі цывільных аўтамабіляў.

У сакавіку расійскія салдаты замкнулі 365 мірных грамадзян у падвале школы ў вёсцы Ягаднае Чарнігаўскай вобласці, размясціўшы на першым паверсе таго ж будынка вайсковы штаб. З гэтай тэрыторыі ваенныя наносілі ўдары па ўкраінскіх пазіцыях, падвяргаючы небяспецы сотні мірных грамадзян.

Згвалтаванні

У дакладзе прыводзяцца выпадкі згвалтавання расійскімі вайскоўцамі. У Кіеўскай вобласці два расійскія салдаты некалькі разоў згвалтавалі 22-гадовую жанчыну і яе мужа, пасля чаго прымусілі пару ўступіць у палавую сувязь у іх прысутнасці. Затым адзін з салдат прымусіў іх чатырохгадовую дачку заняцца з ім аральным сэксам. Камісія расследуе яшчэ тры заявы аб згвалтаванні жанчын і дзяўчынак-падлеткаў расійскімі вайскоўцамі ў тым жа сяле.

У адным сяле пад Кіевам салдаты сілай прывялі двух жанчын у дом, які служыў базай ваенных, і згвалтавалі. Перад гэтым мужа адной з жанчын застрэлілі ў яе на вачах.

У Кіеўскай вобласці ў пачатку сакавіка два расійскія вайскоўцы забілі мужчыну, пасля чаго шмат разоў згвалтавалі яго 33-гадовую жонку. Камісія ААН удакладняе, што асоба аднаго з меркаваных злачынцаў ужо ўстаноўлена, і супраць яго завочна заведзена крымінальная справа. У тым жа сяле расійскія салдаты ўварваліся ў дом 56-гадовай жанчыны і падверглі яе групавому згвалтаванню. Праз два тыдні жанчына даведалася, што яе муж быў падвергнуты катаванням і пакараны смерцю.

У двух абласцях камісія вывучала выпадкі згвалтавання жанчын старэйшых за 80 гадоў. У адным выпадку 83-гадовую жанчыну згвалтавалі ў доме, дзе таксама знаходзіўся яе муж-інвалід. У іншым выпадку суседзі знайшлі цела часткова распранутай пажылой жанчыны з крывёю каля похвы. Па просьбе сям'і ўлады не праводзілі поўнае ўскрыццё.

У Чарнігаўскай вобласці камандзір падраздзялення неаднаразова падвяргаў сэксуальнаму гвалту 16-гадовую дзяўчыну і пагражаў забіць членаў сям'і, якія спрабавалі яе абараніць. У Харкаўскай вобласці камісія расследуе справу аб неаднаразовым згвалтаванні на працягу трох месяцаў дзяўчынкі-падлетка.

Смерці дзяцей

Камісія пацвердзіла смерць 112 дзяцей.

Злачынствы ўкраінскіх вайскоўцаў

У дакладзе таксама фігуруюць некалькі зафіксаваных выпадкаў злачынстваў, учыненых украінскімі вайскоўцамі.

У двух выпадках украінскія вайскоўцы стралялі ў некамбатантаў, паранілі і катавалі іх, што з'яўляецца ваенным злачынствам.

У Малой Рогані Харкаўскай вобласці ў канцы сакавіка вайскоўцы УСУ прастрэлілі ногі тром палонным расійскім жаўнерам і збілі аднаго з іх прыкладам падчас допыту.

Другое ваеннае злачынства было зафіксавана ў Кіеўскай вобласці ў канцы сакавіка. Украінскі вайсковец тройчы стрэліў ва ўпор ва ўжо параненага расійскага салдата. На відэа інцыдэнту бачныя нерухомыя салдаты расійскай арміі, якія ляжаць паблізу. У аднаго з іх рукі звязаныя за спіной, а на галаве бачная рана. Камісія ААН мяркуе, што гэтага расійскага салдата маглі пакараць смерцю.

У раёнах, якія кантралююцца ўкраінскімі ўзброенымі сіламі, у некаторых выпадках ваенныя аб'екты размяшчаліся на тэрыторыі цывільных. Так, жыхары Чарнігава заявілі, што дзве школы горада выкарыстоўваліся для раздачы гуманітарнай дапамогі ў той час як у адной з іх украінская тэрабарона размясціла штаб, а ў іншую накіравала вайскоўцаў. У выніку авіяўдару па абодвух школах і найбліжэйшых дамоў пацярпелі як ваенныя, так і цывільныя.

Усе сабраныя дакументы будуць перададзеныя следству і судовым органам, якія будуць займацца ваеннымі злачынствамі ва Украіне.

Nashaniva.com