У Расію будуць завозіць электрамабілі з Уганды
Уганда паабяцала наладзіць пастаўкі ў Расію электрамабіляў уласнай вытворчасці. Акрамя таго, улады гэтай усходнеафрыканскай краіны заключылі пагадненне аб будаўніцтве завода з «КамАЗам». Прадаваць вырабленыя ў краіне грузавікі будуць на афрыканскім рынку. Па словах угандыйскага амбасадара, улады адкрытыя да супрацоўніцтва і з іншымі расійскімі аўтаканцэрнамі.
18.10.2022 / 18:18
Распрацоўкай і выпускам аўтамабіляў ва Угандзе займаецца дзяржаўная кампанія Kiira Motors Corporation.
Kiira EV лічыцца першым афрыканскім электрамабілем, ён быў прадстаўлены ў 2011 годзе. Яго літый-іённая акумулятарная батарэя мае ёмістасць у 40 Ач. Паводле звестак вытворцы, яе хапае на 80 км, далей патрабуецца падзарадка.
Уганда разлічвае ўсталяваць прамыя авіязносіны з Расіяй і не выключыла пераводу двухбаковага гандлю на нацыянальныя валюты. У цяперашні час краіна экспартуе ў РФ садавіну і каву.
Уганда — краіна з уладай, якая не мяняецца дзесяцігоддзямі, ёй з далёкага 1986 года кіруе прэзідэнт Ёверы Мусевені. Гэта адзін з рэкордаў працягласці кіравання ў сучасным свеце, даўжэй за яго з тых правіцеляў, якія не з'яўляюцца спадчыннымі манархамі, кіруюць сваімі краінамі толькі прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіянг Нгема Мбасога, прэзідэнт Камеруна Поль Бія і прэм'ер-міністр Камбоджы Хун Сен.