Пад Магілёвам высадзілі сасновы парк у выглядзе пяціканцовай зоркі

Новы парк закладзены ў аграгарадку Вейна, што на поўдзень ад абласнога цэнтра. Высаджаныя дрэвы зверху ствараюць абрыс зоркі. Дзіўнае на першы погляд рашэнне каранямі сыходзіць у сярэдзіну ХХ стагоддзя, паведамляе Магілёў.media.

16.10.2022 / 19:46

 Фота: pniva.by

Для акцыі Магілёўскі лясгас прывёз 151 сасну, а школьнікі і мясцовыя жыхары высадзілі іх каля ўезду ў аграгарадок. 

Тутэйшае начальства лічыць, што новыя насаджэнні на тэрыторыі Вейнянскага сельсавета будуць цікавыя не толькі як месца адпачынку, але і як ландшафтны аб’ект, што ацэняць і мясцовыя жыхары, і госці аграгарадка.

Колькасць саджанцаў была вызначана не выпадкова — менавіта такая колькасць пахаванняў загінулых вайскоўцаў і ахвяр Другой сусветнай вайны знаходзіцца на могілках каля аграгарадка Вейна.

Фота: pniva.by

Акрамя знакавага ліку соснаў, сімвалічнай зрабілі і форму высаджаных дрэў — будучы парк уяўляе сабой зорку, дзе размах прамянёў складае больш за 50 метраў. Пра аўтара канцэпцыі парку нічога не гаворыцца.

Nashaniva.com